Мінулы тыдзень у Беларусі адзначыўся значным павелічэннем выпадкаў захворвання COVID-19 сярод насельніцтва.
Беларускія медыкі гераічна працягваюць барацьбу з хваробай. Caritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі стараецца ім у гэтым дапамагчы і па меры магчымасці забяспечыць усім неабходным.
З гэтай мэтай супрацоўнікі і валанцёры гэтага дабрачыннага каталіцкага таварыства працягваюць развозіць медыцынскую тэхніку і сродкі першай неабходнасці ў медыцынскія ўстановы нашай краіны.
Аднаразовыя маскі, халаты і камбінезоны, рэспіратары і рэцыркулятары, бактэрыцыдныя апрамяняльнікі, сродкі дэзінфекцыі, тэрмометры і флаўметры — вось далёка не поўны спіс таго, што Caritas перадае нашым медыкам.
У апошні час дапамога была дастаўлена ў бальніцы сястрынскага догляду ў Крычаве, Магілёве, Іжы (Вілейскі р-н), Пяршаях (Валожынскі р-н), Азёрах (Уздзенскі р-н), Жодзіне, Хаўхоліцы (Барысаўскі р-н) і ў Рэспубліканскі шпіталь інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны імя П.М. Машэрава ў Мінску.
Акрамя таго, дабрачыннае каталіцкае таварыства забяспечыла сухімі пайкамі падапечных Цэнтра часовага (начнога) знаходжання асоб без пэўнага месца жыхарства ў Бабруйску.