14 лістапада ў катэдральнай базыліцы святога Францішка Ксавэрыя біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч удзяліў прэзбітэрскае пасвячэнне дыякану Дзмітрыю Мальцу, выпускніку Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.
Як паведаміў партал Grodnensis.by, у сувязі са складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй, урачыстая святая Імша, падчас якой адбывалася прэзбітэрскае пасвячэнне, праходзіла з захаваннем неабходных санітарных мер. У Эўхарыстыі бралі ўдзел святары, сёстры законныя, бацькі і родныя дыякана, а таксама вернікі катэдральнай парафіі, дзе ён у апошні час праходзіў літургічна-душпастырскую практыку.
У гаміліі біскуп Аляксандр Кашкевіч падкрэсліў, што праз гэтае пасвячэнне Бог узбагачае свой Касцёл, пасылаючы яму яшчэ аднаго слугу Хрыстовага Евангелля, памочніка біскупа ў пастырскім клопаце пра даручаны яму верны народ.
«Сакрамэнт святарства — заклік развіваць і памнажаць гэты незаслужаны дар праз стараннае, руплівае і бескарыслівае служэнне Богу і Яго народу», — падкрэсліў іерарх, дадаўшы, што гэты дзень для ўсёй Гродзенскай дыяцэзіі з’яўляецца днём падзякі Пану і малітвы аб тым, каб ласка пасвячэння прынесла плён духоўнага ўзрастання Касцёла.
«Мы верым і спадзяемся, што Марыя паклапоціцца пра тое, каб не было недахопу ў пакліканнях да служэння Богу: пакліканнях шматлікіх і святых», — сказаў біскуп.
Звяртаючыся да дыякана, які прымаў прэзбітэрскае пасвячэнне, іерарх заўважыў, што сучасны свет ставіць перад кожным святаром вялікі выклік, на які трэба адказаць.
«Сённяшні чалавек і ўсё грамадства закрануты рознымі хваробамі духу, якія чакаюць эфектыўных боскіх лекаў: праўды, разумення, паяднання, прабачэння і міласэрнасці», — адзначыў ён.
Па словах пастыра Касцёла на Гродзеншчыне, Хрыстус хоча карыстацца кожным святаром для таго, каб сучасны чалавек знайшоў шлях праўды, які вядзе да Бога Айца; каб сумныя і параненыя людзі, тыя, якія трапілі ў роспач і згубленыя, пасля сустрэчы са святаром атрымлівалі крыху радасці і надзеі, засеянай у сэрцы Божым словам і Яго ласкай.
На заканчэнне Эўхарыстыі біскуп Кашкевіч выказаў словы ўдзячнасці ксяндзу рэктару Віталію Вайцяхоўскаму, усім выхаваўцам і выкладчыкам семінарыі ў Гродне за штодзённы клопат і намаганні ў гэтым адказным служэнні і за падрыхтоўку новапрэзбітэра да пасвячэння.
Іерарх таксама ўзгадаў спачылага месяц таму ксяндза каноніка Юзафа Ганьчыца, пробашча парафіі Святой Сям’і ў Лідзе — роднай парафіі новапрэзбітэра, — які стаяў ля вытокаў яго паклікання.
Словы асаблівай удзячнасці біскуп адрасаваў бацькам новапасвячанага прэзбітэра. Ён пажадаў ім, каб яны заўсёды ганарыліся сваім сынам і цешыліся, што сам Хрыстус яго выбраў і паклікаў, каб той стаў Яго вучнем і слугою. Іерарх заахвоціў іх падтрымліваць служэнне сына бацькоўскай малітвай, «якая мае вялікую моц, а таксама зробіць яго служэнне яшчэ больш плённым і мілым Пану Богу».
Ксяндзу Дзмітрыю біскуп нагадаў, што сённяшні свет і людзі, якія ў ім жывуць, асабліва маладыя, патрабуюць святых святароў, адданых душпастыраў, добрых спаведнікоў і чулых духоўных кіраўнікоў, якія заўсёды будуць мець для іх час.
«Для кожнага чалавека, якога Хрыстус паставіць на тваім шляху, будзь выразным і сапраўдным знакам прысутнасці Збавіцеля сярод свайго люду. Кожнаму чалавеку нясі Божае Слова, раздавай Божую ласку, бо, служачы іншым, будзеш выконваць місію самога Хрыста», — дадаў іерарх.
Біскуп папрасіў прысутных агарнуць малітвамі ўсіх семінарыстаў, якія рыхтуюцца да святарства ў міждыяцэзіяльнай семінарыі, і прасіць Пана жніва, каб пасылаў новых работнікаў на жніво сваё.
Ксёндз Дзмітрый Малец нарадзіўся 18 чэрвеня 1996 г., паходзіць з парафіі Святой Сям’і ў Лідзе (Лідскі дэканат). Дыяканскае пасвячэнне прыняў 16 лістапада 2019 г., ва ўрачыстасць Найсвяцейшай Панны Марыі Вастрабрамскай, галоўнай Апякункі Гродзенскай дыяцэзіі,пасля чаго быў скіраваны на служэнне ў санктуарый Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях (Радунскі дэканат).
У апошні час служыў у катэдральным касцёле ў Гродне.