Пошук

13.11.2020 15:06   Паводле: Grodnensis.by

12 лістапада ў парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла ў Старых Васілішках (Шчучынскі дэканат) адбылося пахаванне кс. Леаніда Мозгеля, які паходзіў з гэтай парафіі, і яго маці Станіславы.

Ксёндз Леанід, які быў пробашчам парафіі Унебаўшэсця Пана ў Дзеркаўшчыне ў Віцебскай дыяцэзіі, адышоў у вечнасць 9 лістапада, днём раней памерла яго маці Станіслава.

Спачылы святар нёс служэнне ў Віцебскай дыяцэзіі: у Ветрыне, Фарынаве, Блізніцы, Бягомлі, Павяцці і Ідолце.

Як паведамляе Grodnensis.by, цэлебрацыю пахавальнай святой Імшы ў інтэнцыі спачылага святара і яго маці ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Эўхарыстыю канцэлебравалі Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі і святары.

На малітве сабраліся вернікі мясцовай парафіі, якія ведалі кс. Леаніда і яго маці. Парафія ў Старых Васілішках сёлета, на жаль, развітваецца ўжо не з першым святаром. Увесну памёр кс. Павел Барысевіч, адміністратар парафіі Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса ў Наваельні (Дзятлаўскі дэканат).

Пасля Імшы цела спачылага кс. Леаніда знайшло спачынак пры ўваходзе ў святыню, побач з магілай кс. Паўла Барысевіча, а мама святара была пахавана на мясцовых могілках.

Ксёндз Леанід Мозгель нарадзіўся 26 снежня 1968 года ў в. Карэвічы (Гродзенская дыяцэзія). Быў ахрышчаны 27 студзеня 1969 г. у Васілішках. У 2001 г. скончыў Вышэйшую духоўную семінарыю ў Гродне.

12 лістапада 2002 г. у Мёрах прыняў дыяканскае пасвячэнне, 1 мая 2003 г. у Віцебску — прэзбітэрскае, якое ўдзяліў біскуп Віцебскі Уладзіслаў Блін. У памяці вернікаў і духавенства Віцебскай дыяцэзіі застаўся як пабожны, сумленны і адданы святар.

Абноўлена 13.11.2020 15:08
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.