Пошук

21.02.2020 10:48   Паводле: Kс. Юрый Марціновіч / Grodnensis.by / Фота: Віталій Сямёнаў / Catholic.by

19 лютага ў Старых Васілішках (Шчучынскі дэканат) адбылося пахаванне спачылага ксяндза Паўла Барысевіча, адміністратара парафіі Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса ў Наваельні (Дзятлаўскі дэканат).

Як інфармуе партал Grodnensis.by, святар быў пахаваны пры касцёле святых Пятра і Паўла ў сваёй роднай парафіі.

Развітацца з маладым душпастырам, якога Добры Пастыр паклікаў да сябе 17 лютага з самага ранку, прыбыло мноства вернікаў, якім ксёндз Павел прысвяціў амаль дзесяць гадоў свайго святарскага жыцця: з Гродна, Радуні, Ашмянаў, Дварца, Наваельні, а таксама з яго роднай парафіяльнай супольнасці.

У пахавальных абрадах узялі ўдзел больш за 100 святароў, сёстры законныя, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч са сваім дапаможным біскупам Юзафам Станеўскім і Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі.

Цэлебрацыю пахавальнай святой Імшы ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Іерарх адзначыў, што гэтая заўчасная смерць маладога святара з’яўляецца вялікім болем для мясцовага Касцёла і вялікай стратай.

Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне падкрэсліў, што ксёндз Павел Барысевіч страціў сваё жыццё для Хрыста — страціў, але не прайграў. Ён выйграў, перамог у Тым, хто ўжо ў святым хросце апрануў яго ў адзенне несмяротнасці.

У прамоўленай гаміліі Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі звярнуў увагу на тое, што спачылы святар «пражыў мала гадоў, зведаў шмат клопатаў»: рамонт касцёла і плябаніі ў Наваельні, а найперш клопат пазнання болю і цярпення. Іерарх дадаў, што каго Пан любіць, таму дае крыж.

«Яго маладыя рукі, напэўна, не стаміліся ўзносіць Цела і Кроў Пана над алтаром, а вочы — глядзець на тых, хто патрабуе дотыку Бога», — сказаў дапаможны біскуп.

Іерарх падкрэсліў, што смерць Хрыста яшчэ больш з’яднала Яго вучняў.

«І гэтая смерць, якая нас сёння тут сабрала, можа з’яднаць нас, бо толькі разам, толькі будучы бліжэй адзін да аднаго, мы можам супольна сустракаць штодзённасць», — заўважыў ён

Перад абліччам смерці кожнага святара, а тым больш тады, калі ён адыходзіць у маладым узросце і, мяркуючы па-чалавечы, занадта рана, набываюць асаблівае гучанне словы малітвы святога Амброзія Медыяланскага: «Пане, не плачу з-за таго, што Ты ў мяне яго забраў, але дзякую Табе за тое, што мне яго даў».

Таму вернікі, якіх так шмат сабралося ў гэты дзень вакол труны, дзякавалі Богу за ксяндза Паўла, якога Усемагутны паставіў на іх шляху.

Яны дзякавалі за яго святарскае сэрца, добрае і любячае, як падкрэслівалі вернікі, за яго штодзённае служэнне. Дзякавалі за яго святарскія вусны, якія абвяшчалі Божае слова — слова Праўды, — а таксама нагадвалі і паказвалі шлях да неба, да дома Айца. Дзякавалі за яго святарскія рукі, якія ўдзялялі адпушчэнне грахоў, Цела Хрыста і благаслаўлялі. Дзякавалі за яго сведчанне ва ўсім святарскім служэнні…

Гэтая заўчасная смерць маладога святара, служэнне якога з самага пачатку было спалучана з хваробай і цярпеннем, з’яўляецца таксама для нас усіх настаўленнем і перасцярогай, што мы павінны быць заўсёды падрыхтаваны да сустрэчы з Панам.

«Бог схаваў ад нас гадзіну смерці, каб мы кожны дзень яе чакалі», — казаў святы Аўгустын. Таму аб Божым Валадарстве трэба маліцца, для яго трэба працаваць і цярпець.

Глыбока верым, што цярпенні, якія ў хваробе спазнаў ксёндз Павел, не адлучылі яго ад любові Бога, аб’яўленай і дадзенай кожнаму праз Езуса Хрыста, адзінага Збаўцу чалавека. Таму кажам ксяндзу Паўлу з верай і надзеяй: «Жыві ў Хрысце навекі!»

Фота www.sb.by

Ксёндз Павел Барысевіч нарадзіўся 10 красавіка 1984 года. Прэзбітэрскае пасвячэнне прыняў з рук біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча 16 лістапада 2010 года ў катэдральнай базыліцы святога Францішка Ксавэрыя ў Гродне.

Пасля пасвячэння служыў вікарыем у парафіi святога Юзафа ў Гродне, парафіі Маці Божай Ружанцовай у Радуні, парафіі святога Міхала Арханёла ў Ашмянах, быў адміністратарам парафіі Божага Цела ў Дварцы. З 2015 года і да моманту смерці з’яўляўся адміністратарам парафіі Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса ў Наваельні. Адышоў у вечнасць раніцай 17 лютага 2020 года.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця