Пошук

02.08.2022 12:48   Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі / Фота: Grodnensis.by

30 ліпеня ў парафіі святога Яна Хрысціцеля ў Васілішках (Гродзенская дыяцэзія, Шчучынскі дэканат), дзе служаць міхаліты — законнікі з Кангрэгацыі святога Арханёла Міхала, — з удзелам біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча адзначылі 100-годдзе з часу кананічнага зацвярджэння гэтай супольнасці.

Як паведаміла прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, урачыстая Імша падзякі сабрала шматлікіх парафіянаў і гасцей, у тым ліку прадстаўнікоў мясцовай улады. Прыбылі запрошаныя святары і сёстры законныя. Прысутныя разам дзякавалі за дар, якім з’яўляюцца міхаліты для Гродзенскай дыяцэзіі і ўсяго Касцёла ў Беларусі, і за іх ахвярнае служэнне.

Усіх удзельнікаў святой Імшы прывітаў пробашч парафіі ксёндз Станіслаў Пытэль CSMA.

Святар нагадаў, што ўрачыстасць была запланавана на мінулы год, але з-за пандэміі не магла адбыцца, таму праходзіць сёлета, на заканчэнне юбілейнага года гэтай манаскай сям’і, якая мае мужчынскую і жаночую галіны.

Як дадаў пробашч, Божы Провід учыніў так, што падчас гэтых святкаванняў група моладзі прымае сакрамэнт канфірмацыі. На думку святара міхаліта, гэта сапраўды невыпадкова, бо між іншым харызмай Кангрэгацыi святога Арханёла Міхала, заснаванай у Польшчы на пачатку ХХ стагоддзя благаслаўлёным ксяндзом Браніславам Маркевічам, з’яўляецца клопат пра дзяцей і моладзь, асабліва пра найбяднейшых, занядбаных, пакінутых і асірацелых.

Біскуп Аляксандр Кашкевіч цэлебраваў Імшу ў інтэнцыі ўсёй парафіяльнай супольнасці на чале з яе душпастырам і законнымі сёстрамі з Кангрэгацыі Сясцёр святога Міхала Арханёла (міхаліткі).

У гаміліі іерарх падкрэсліў, што супольнасць Міхала Арханёла — «вялікі дар не толькі для яе членаў.

Яна ўзбагаціла ўвесь Касцёл, выдатна прычынілася i надалей прычыняецца да пашырэння Божага Валадарства на зямлі, абвяшчэння Добрай Навіны і сведчання веры сучаснаму свету», — зазначыў іерарх.

Ён таксама звярнуў увагу на постаць заснавальніка міхалітаў, благаслаўлёнага ксяндза Браніслава Маркевіча, які «быў, несумненна, Божым чалавекам, руплівым святаром, сведкам Хрыста і прарокам свайго часу».

Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне адзначыў, што заснаваная ксяндзом Маркевічам супольнасць перанесла выпрабаванне часам, жыве і развіваецца. «Толькі Пан Бог ведае, колькім маладым людзям ва ўсім свеце міхаліты дапамаглі ўвайсці ў дарослае жыццё, набыць адукацыю і занятак, вытрываць у веры і не сапсавацца маральна», — дадаў біскуп Кашкевіч.

Юнакам і дзяўчатам, якім у Васілішках асабліва служаць ксяндзы міхаліты і сёстры міхаліткі, біскуп пажадаў быць заўсёды руплівымі ў хрысціянскім жыцці на ўзор заснавальніка гэтай супольнасці. Пастыр Гродзенскай дыяцэзіі таксама падзякаваў манаскай сям’і міхалітаў за больш чым трыццацігадовую прысутнасць у мясцовым Касцёле, якая прыносіць цудоўныя плёны.

«Адраджаецца жывы Касцёл, развіваецца парафіяльнае душпастырства, з’явіліся новыя касцёлы і капліцы, парафіяльныя дамы і катэхетычныя класы, адрамантаваны і адноўлены святыні, якія ў эпоху ваяўнічага атэізму былі забраныя ў вернікаў, а потым вернуты ў стане, вартым жалю», — вось далёка не поўны пералік заслугаў міхалітаў, які прывёў біскуп Аляксандр Кашкевіч.

На заканчэнне Эўхарыстыі дзеці і моладзь падзякавалі свайму пробашчу і законным сёстрам Станізіі і Міхаліне за клопат аб іх духоўным развіцці. Старшыня ААТ «Васілішкі» Антон Бурнос ад імя прадстаўнікоў мясцовай і раённай улады выказаў ксяндзу Станіславу Пытэлю віншаванні і падзяку за душпастырскую апеку над парафіяй.

У Беларусі міхаліты нясуць служэнне ў Гродзенскай дыяцэзіі (парафіях святога Яна Хрысціцеля ў Васілішках, святых апосталаў Пятра і Паўла ў Старых Васілішках, Найсвяцейшай Тройцы ў Шылавічах), а таксама ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі (парафіях Маці Божай Ружанцовай у Мінску і святога Міхала Арханёла ў прыгарадзе беларускай сталіцы Гатаве).

Абноўлена 02.08.2022 12:49
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.