Пошук

18.11.2020 09:03   Тэкст: Уладзіслаў Валаховіч / Catholic.by
Помнік Ненароджаным дзецям у Славакіі. Фота: pravoslavie.ru

18 лістапада 1920 года, дакладна сто гадоў таму, у Савецкай Расіі пастановай Народных камісарыятаў Аховы здароўя і Юстыцыі «Аб ахове здароўя жанчын» было легалізавана жахлівае злачынства — бясплатнае правядзенне абортаў у савецкіх бальніцах.

Гэты закон пачаў дзейнічаць на большай частцы былой Расійскай імперыі, уключаючы сённяшнія тэрыторыі Беларусі, Украіны, Расіі, Сярэдняй Азіі і Закаўказзя.

Гэты дзень многія лічаць своеасаблівым пачаткам распаўсюджвання па ўсім свеце «цывілізацыі смерці».

Так назваў занядбанне павагі да найбольшага Божага дару жыцця святы Папа Ян Павел II у сваёй энцыкліцы Evangelium Vitæ — «Евангелле жыцця».

Ілюстрацыйнае фота: livejournal.com

Ідэя легалізацыі абортаў з’явілася ўжо ў канцы XIX стагоддзя, і ў некаторых краінах існавала больш-менш адкрытая практыка забойства зачатых дзяцей і распаўсюджвання кантрацэпцыі, пра што, напрыклад, ярка піша Эміль Заля ў сваім рамане «Пладавітасць».

Але менавіта ў царскай Расіі па выніках Пірагоўскага з’езда ўрачоў у 1913 годзе дыскусія аб неабходнасці легалізацыі абортаў выйшла на новы ўзровень.

Вынікам гэтай дыскусіі стала тое, што Уладзімір Ленін у сваім артыкуле з 1913 году «Працоўны клас і нэамальтузіянства» патрабуе безумоўнай адмены ўсіх законаў, якiя пераследуюць аборт або распаўсюджванне інфармацыі аб кантрацэпцыі, што ён і рэалізаваў, прыйшоўшы да ўлады ў выніку кастрычніцкага перавароту 1917 года.

Уладзімір Ленін. Фота: newizv.ru

Такім чынам, менавіта нашы продкі, якія жылі ў Расійскай імперыі, а потым у Савецкай Расіі і СССР, нясуць духоўную адказнасць за пачатак масавага дзетазабойства, якое за сто гадоў прывяло да бязлітаснага знішчэння больш за двух мільярдаў дзяцей ва ўлонні маці.

Кожны год да гэтай жудаснай лічбы дадаюцца яшчэ 50 мільёнаў абортаў, якія здзяйсняюцца ва ўсім свеце.

Эстафету СССР у 1938 годзе падхапіла Швецыя, сацыялістычныя краіны прынялі адпаведныя законы ў 1956–1957 гадах, Вялікабрытанія ў 1967, ЗША ў 1973 годзе, большасць развітых краін — у 1970-я гады, у 2007 годзе — Партугалія і у 2018 годзе — Ірландыя. У тых краінах, дзе аборты па-ранейшаму забароненыя, пры ўдзеле шматлікіх міжнародных арганізацый вядзецца магутнае лабіраванне з мэтай іх поўнай даступнасці, прычым пытанне абортаў даўно ўжо перайшло з медыцынскай і сацыяльнай сферы ў палітычную.

Ілюстрацыйнае фота: russpain.com

Невыпадкова ў скандальным амерыканскім дакуменце NSSM-200, які стаў своеасаблівым кіраўніцтвам па зніжэнні нараджальнасці, выразна сказана наступнае: «Ніводная краіна не зможа знізіць рост насельніцтва, не прыбягаючы да абортаў… Сапраўды, аборты, легальныя і нелегальныя, сталі найбольш распаўсюджаным метадам кантролю нараджальнасці ў свеце».

Аднак самым разбуральным з’яўляецца дзеянне абортаў на духоўную сферу, бо нявінная кроў, пачынаючы з крыві Абэля, кліча аб помсце да неба, а гэта ўплывае на кожнага з нас, бо нашая зямля прапіталася гэтай крывёю вельмі глыбока.

Гэта добра разумела св. Маці Тэрэза з Калькуты, якая змагалася з абортамі ўсімі магчымымі спосабамі, называючы іх галоўнымі знішчальнікамі любові і міру. «Калі мы пагаджаемся з тым, што маці можа забіць сваё дзіця, то як мы можам забараніць іншым людзям забіваць адзін аднаго?» — казала гэтая законніца, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру.

Ілюстрацыйная выява: Pixels

Яшчэ адным вялікім апосталам абароны жыцця з’яўляецца святы Ян Павел II, які пры сустрэчы з пралайферамі казаў, што яны робяць самую галоўную працу на зямлі. У сваёй знакамітай энцыкліцы Evangelium Vitæ, цалкам прысвечанай пытанням абароны жыцця, ён заклікае ўвесь свет да вялiкай малітвы за жыццё, бо толькі праз пост і малітву можна разбурыць муры падману і хлусні, якія засланяюць ад вачэй многіх нашых братоў і сясцёр бязбожнасць дзеянняў і законаў, варожых жыццю. Толькі малітва можа натхніць на абвяшчэнне Евангелля жыцця і на распаўсюджванне цывілізацыі жыцця і любові (пар. Evangelium Vitæ, 100).

Натхнёныя заклікам да малітвы Вялікага Папы, беларускія абаронцы жыцця вось ужо два дзясяткі гадоў моляцца аб выратаванні ненароджаных дзяцей.

Гэта і штогадовая акцыя духоўнага ўсынаўлення, і спецыяльныя адарацыі дзеля перапрашэння за грахі супраць жыцця і сям’і, якія здзяйсняюцца на нашай зямлі, а таксама малітва непасрэдна ў клініках, дзе здзяйсняецца грэх дзетазабойства, несучы праклён нашай зямлі і народу.

Помнік Ненароджанаму дзіцяці каля касцёла ў Мёрах. Фота Ігара Мацвеева / YUY.BY

Сёлета да сумнай гадавіны 100-годдзя легалізацыі абортаў абаронцы жыцця з Расіі, Беларусі, Украіны, Казахстана, Польшчы і іншых краін аб’яднаюцца ў малітоўным ланцужку, які пройдзе з 18 па 21 лістапада, каб горача прасіць Бога аб прабачэнні за грахі супраць жыцця, што здзяйсняюцца на нашай зямлі.

У Беларусі гэтая малітва будзе кругласутачнай з вечара 20 да вечара 21 лістапада.

  • Адказныя за малітву з 18.00 20 лістапада з да 9.00 21 лістапада — Віцебск і парафіі Віцебскай дыяцэзіі (Глыбокае, Паставы, Полацк, Браслаў).
  • Адказныя за малітву з 9.00 да 19.30 21 лістапада — Магілёў і іншыя беларускія парафіі (Гродна, Пінск, Брэст, Мінск, Смаргонь, Гомель, Баранавічы).
    • 21 лістапада ў 18.30 Біскупскі вікарый для горада Магілёва і Магілёўскай вобласці біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB узначаліць цэлебрацыю святой Імшы ў магілёўскім катэдральным касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава. 
    • У Гродне малiтва перапрашэння адбудзецца ўвечары 20 лiстапада ў катэдральнай базыліцы св. Францішка Ксавэрыя, парафіях Найсвяцейшага Адкупiцеля (Дзевятоўка), Божай Міласэрнасцi (Вішнявец), Святога Духа (Альшанка), Найсвяцейшай Панны Марыі Маці Міласэрнасці (Аўгустовак), Маці Божай Анёльскай (францішканская), Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі (Паўднёвы), рэктаральным касцёле Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі (пабрыгіцкі).

Праграма малітвы перапрашэння ў Гродне:

  • 19.00 — святая Імша ў катэдральнай базыліцы св. Францішка Ксавэрыя.
  • Пасля Імшы — спецыяльная адарацыя дзеля перапрашэння за грахi супраць жыцця і сям’i.
    Адарацыя працягнецца да 21 гадзiны. Для хворых ёсць магчымасць удзельнiчаць у гэтай малiтве анлайн: будзе весціся прамая трансляцыя на Youtube-канале катэдральнай парафіі.

У Мінску кожную першую пятніцу месяца праводзіцца адарацыя ў абарону жыцця. Далучыцца да малітвы можна ў касцёле св. Яна Евангеліста і св. Максімільяна Марыі Кольбэ па адрасе: г. Мінск, вул. Матусевіча, 80. Адарацыя распачынаецца пасля святой Імшы на 19.00 і працягваецца да 8-й гадзіны раніцы.

Да малітвы могуць далучацца ўсе ахвотныя, незалежна ад месца знаходжання.

Малітва аб абароне жыцця (паводле св. Яна Паўла ІІ)

Асаблівай малітвай, якая аб’яднае ўсіх абаронцаў жыцця, стане малітва святога Яна Паўла II, змешчаная напрыканцы энцыклікі Evangelium Vitæ:

О Марыя, світанне новага свету, Маці ўсіх, хто жыве, Табе даручаем справу жыцця.

Глянь, Марыя, на вялікае мноства дзяцей, якім не дазваляюць прыйсці ў свет, жабракоў, якія змагаюцца з нягодамі жыцця, мужчын і жанчын — ахвяр бесчалавечнага гвалту, старых і хворых, якія забіваюцца абыякавасцю або ілжывым спачуваннем.

Зрабі, каб усе, хто верыць у Твайго Сына, здолелі адкрыта і з любоўю абвяшчаць людзям нашай эпохі Евангелле жыцця.

Выпрасі ім ласку прыняцця яго як вечна новага дару, радасць усхвалення яго з удзячнасцю праз ўсё сваё жыццё і смеласць дзейсна і найстойліва сведчыць пра яго, каб яны маглі будаваць разам з усімі людзьмі добрай волі цывілізацыю праўды і любові у гонар і на хвалу Бога Творцы, Які палюбіў жыццё.

Абноўлена 18.11.2020 18:12
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця