Новы нумар часопіса «Ave Maria» (№ 10-11 (307-308) 2020) прысвечаны глабальнай і надзвычай актуальнай сёння тэме справядлівасці.
Як адзначаецца на сайце выдання Аve-maria.by, яго дэвізам сталі словы з вядомага Хрыстовага казання на гары: «Шчаслівыя, каго пераследуюць за справядлівасць» (Мц 5, 10).
Гэты нумар адкрываецца зваротам арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча да чытачоў, у якім пастыр нагадаў пра адвечны сэнс і значэнне маральнай цноты справядлівасці.
Некалькі матэрыялаў часопіса прысвечаны паняццю справядлівасці ў вучэнні Касцёла і святых: грунтоўны артыкул доктара тэалогіі кс. Юрыя Дразда, сталыя рубрыкі «Школа малітвы» а. Юрыя Кулая OCD і «Святар адказвае на пытанне» кс. Андрэя Рылкі.
Пра справядлівасць у жыцці чалавека размаўляла Кацярына Дурко з кс. Кірылам Бардонавым, суддзёю суда Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
Думкамі пра перэгрынацыю фігуры арханёла Міхала па беларускіх катэдральных касцёлах, якая адбылася на пачатку восені, і пра вялікую важнасць малітвы да святога апекуна Беларусі дзеліцца з чытачамі часопіса кс. канонік Ігар Лашук, пробашч парафіі св. Казіміра ў Стоўбцах.
Таксама ў часопісе чытач знойдзе некалькі асабістых разважанняў, у якіх аўтары спрабуюць акрэсліць, што такое справядлівасць, і асэнсаваць, як змагацца за яе па-хрысціянску, не забываючыся пра фундаментальныя прынцыпы міласэрнасці і прабачэння.
На 79-м пленарным пасяджэнні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, якое адбылося ў кастрычніку, біскупы прапанавалі распачаць ініцыятыву «Духоўнай успамогі святарскіх і манаскіх пакліканняў у Беларусі». У часопісе публікуецца тэкст малітоўнага абяцання ініцыятывы, каб заахвоціць чытачоў да малітвы ў гэтай інтэнцыі.
Як ведаем, гэты пастырскі год прысвечаны 100-гадоваму юбілею з дня нараджэння св. Яна Паўла ІІ. У новым нумары «Ave Maria» публікуюцца яго разважанні аб ружанцовай малітве.
Каб уганараваць юбілей святога Папы, у кастрычніку у парафіі касцёла Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы ў Мінску біскуп Юрый Касабуцкі ўрачыста благаславіў фігуры Езуса Уваскрослага (скульптар Валяр’ян Янушкевіч) і Святога Айца Яна Паўла ІІ (скульптар Аляксандр Каструкоў).
Гэтай восенню адзначаецца некалькі юбілеяў кансэкраваных асоб, якія прысвяцілі сваё жыццё адданаму служэнню Беларусі.
Разам з вернікамі іх парафій рэдакцыя сардэчна віншуе сясцёр з Кангрэгацыі Служак Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі з 20-годдзем дзейнасці ў нашай краіне, шле віншаванні шаноўным пастырам: біскупу Антонію Дзям’янку, які адзначае 40-годдзе святарскага служэння, пробашчу вілейскай парафіі кс. каноніку Аляксандру Барылу, які адзначае 20-годдзе святарскага пасвячэння, і кусташу Санктуарыя Маці Божай Фацімскай у Баранавічах кс. Конраду Патыку, які адзначае свой паўвекавы юбілей.
У нумары таксама змешчаны словы ўдзячнасці і віншавання з днём нараджэння ў адрас шаноўных кс. каноніка Андрэя Аніскевіча, дырэктара дабрачыннага каталіцкага таварыства Caritas Віцебскай дыяцэзіі, а таксама кс. Яна Шарука і кс. Аляксандра Сушынскага, якія служаць у парафіі Найсвяцейшага Сэрца Езуса і святога Крыштафа ў Калодзішчах.
Набыць новы нумар часопіса «Ave Maria» можна ў парафіяльных кіёсках і ў кнігарні «Духоўная кніга» ў Мінску (вул. Багдановіча, 25).