20 кастрычніка ў ватыканскай базыліцы святога Пятра Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч памаліўся ля магілы святога Яна Паўла ІІ, які 31 год таму ўдзяліў яму ў Рыме біскупскае пасвячэнне.
Біскупы, святары, кансэкраваныя асобы і ўсе вернікі Беларусі віншуюць свайго арцыпастыра, які знаходзіцца ў выгнанні, з чарговай гадавінай біскупскага пасвячэння і жадаюць хутчэйшага вяртання на бацькаўшчыну.
Беларускія католікі разам з прадстаўнікамі іншых веравызнанняў пры шырокай падтрымцы мноства салідарных людзей добрай волі ў нашай краіне і за мяжой няспынна моляцца аб хутчэйшым вяртанні Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі да сваёй паствы.
Напярэдадні ў гэтай інтэнцыі распачалася ўсебеларуская навэнна да святога апостала Юды Тадэвуша — асаблівага апекуна ў вырашэнні складаных спраў і нябеснага заступніка арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча. Гэтая малітва з’яўляецца своеасаблівым духоўным дарам вернікаў свайму арцыпастыру.
Няхай заступніцтва святога Юды Тадэвуша, а таксама святога апостала Пятра і святога Яна Паўла ІІ, перад чыімі рэліквіямі сёння маліўся кіраўнік беларускага каталіцкага епіскапату, умацуе яго ў хвіліну выпрабавання і папрыяе хутчэйшаму заканчэнню яго незаконнага выгнання на чужыне.