15 кастрычніка Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч падпісаў Дэкрэт, якім уводзіцца шэраг новых прадпісанняў у сувязі з ростам захворванняў COVID-19.
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мінск, 15 кастрычніка 2020 г.
№ 40/д/20
ДЭКРЭТ
У сувязі з далейшым распаўсюджваннем эпідэміі каранавірусу COVID-19 i высокай лічбай захворванняў, якая ў кантэксце восеньска-зімовага перыяду можа павялічыцца, а таксама з клопатам пра здароўе і жыццё жыхароў нашай краіны, беручы пад увагу Пастанову Канферэнцыі Каталіцкіх біскупаў у Беларусі, прынятую на 79-м пленарным пасяджэнні ККББ, пастанаўляю наступнае:
- Паводле кан. 87 § 1, кан. 1245 і кан. 1248 § 2 Кодэксу Кананічнага Права Каталіцкага Касцёла, удзяляю дыспенсу ад абавязку ўдзелу ў святой Імшы ў нядзелі і прадпісаныя ўрачыстасці вернікам старэйшага ўзросту, якія асаблівым чынам падатлівыя на інфекцыю каранавірусу, асобам з сімптомамі хваробы, дзецям і школьнай моладзі, асобам, якія імі апякуюцца, а таксама тым, хто адчувае боязь перад небяспекай заражэння.
- Заахвочваю вернікаў, якія карыстаюцца дыспенсай, прымаць удзел у суботніх вечаровых святых Імшах або ў святых Імшах у іншыя дні, калі ў касцёлах прысутнічае меншая колькасць вернікаў.
- Адначасова заахвочваю тых вернікаў, якім дазваляе стан здароўя і не перашкаджаюць іншыя важныя прычыны, напрыклад, абавязковая праца, да ўдзелу ў нядзельных і святочных Імшах і іншых набажэнствах.
- Святары павінны паінфармаваць вернікаў аб значэнні дыспенсы, а таксама растлумачыць сэнс духоўнай камуніі і заахвоціць да яе практыкавання.
- Ксяндзы пробашчы і адміністратары парафій павінны прыкласці ўсе намаганні для таго, каб у святынях і іншых месцах супольнай малітвы захоўваліся асноўныя правілы гігіены: настойліва прасіць вернікаў насіць ахоўныя маскі або шчыткі, пры ўваходзе ў святыню змясціць дэзінфекцыйныя сродкі, нагадваць аб неабходнасці захавання сацыяльнай дыстанцыі і рэспіраторнага этыкету.
- Святары, якія ўдзяляюць святую Камунію, а таксама цэлебруюць іншыя сакрамэнты, знаходзячыся ў непасрэднай блізкасці да вернікаў, абавязкова павінны карыстацца ахоўнымі маскамі і праводзіць дэзіфекцыю рук.
- Пробашчы парафій, настаяцелі іншых структур Каталіцкага Касцёла, а таксама законных супольнасцяў і таварыстваў апостальскага жыцця ў архідыяцэзіі павінны разважліва і адказна падысці да арганізацыі розных евангелізацыйных і катэхетычных сустрэч, а таксама іншых мерапрыемстваў з пункту гледжання мэтазгоднасці іх правядзення падчас эпідэміі і з улікам магчымасці іх дыстанцыйнага правядзення, адмены або пераносу на пазнейшы час.
- Нагадваю душпастырам аб абавязку рэзідэнцыі ў парафіях — яны павінны заставацца на месцы свайго служэння і быць даступнымі для людзей, асабліва хворых і патрабуючых і не адмаўляць вернікам у цэлебрацыі сакрамэнтаў, а таксама пахаванняў.
- Пробашчы парафій павінны азнаёміць вернікаў архідыяцэзіі з гэтым дэкрэтам у нядзелю 18 кастрычніка 2020 года.
Усведамляючы выкліканыя пандэміяй каранавірусу складанасці як у штодзённым жыцці, так і ў выкананні рэлігійных практык, давяраю ўсіх апецы Маці Божай Будслаўскай, Апякункі Беларусі, і святога Роха, асаблівага ратаўніка ад заразных хваробаў, з надзеяй на іх заступніцтва перад Богам у прадухіленні гэтай хваробы і ад усяго сэрца благаслаўляю
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Кс. Дзмітрый Пухальскі, Канцлер курыі