15 кастрычніка ў Мінску прайшло 79-е пленарнае пасяджэнне Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, якое з дапамогаю сучасных сродкаў камунікацыі ўзначаліў з выгнання арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
Паведамленне з 79-а пленарнага пасяджэння Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
У чарговым пасяджэнні бралі ўдзел усе біскупы Канферэнцыі і Апостальскі візітатар для беларускіх грэка-католікаў архімандрыт Сяргей Гаек.
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі Мітрапаліт Мінска Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў пасяджэнне Канференцыі з-за мяжы з дапамогаю сучасных сродкаў камунікацыі з-за немагчымасці прысутнічаць на ім асабіста па прычыне забароны вярнуцца на радзіму з боку афіцыйных уладаў Рэспублікі Беларусь.
Упершыню ў пасяджэнні беларускага каталіцкага епіскапату ўзяў ўдзел Апостальскі Нунцый ў Рэспубліцы Беларусь арцыбіскуп Антэ Ёзіч, якога суправаджаў сакратар Апостальскай Нунцыятуры ў Рэспубліцы Беларусь ксёндз Махэр Шаммас.
Напачатку з прывітальным словам да ўдзельнікаў пленарнага пасяджэння ККББ звярнуўся арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Ад імя ўсяго беларускага каталіцкага епіскапату ён прывітаў новага Апостальскага Нунцыя ў Рэспубліцы Беларусь арцыбіскупа Антэ Ёзіча і пажадаў яму плённай працы дзеля агульнага дабра вернікаў нашай краіны і ўсяго беларускага грамадства.
Да прысутных іерархаў Касцёла на Беларусі звярнуўся Апостальскі Нунцый ў Рэспубліцы Беларусь арцыбіскуп Антэ Ёзіч, які перадаў словы прывітання ад Святога Айца Францішка, а таксама выказаў радасць у сувязі з распачаццем свайго служэння ў Беларусі і адкрытасць для супрацоўніцтва.
Іерархі абмеркавалі і вызначыліся з праграмай наступнага, 2021 пастырскага года, калі будзе адзначацца 30-годдзе адраджэння структур Каталіцкага Касцёла ў Беларусі. Ён пройдзе пад дэвізам: «Касцёл — сакрамэнт паўсюднага збаўлення. „Брамы пякельныя не перамогуць яго” (Мц 16, 18)».
Біскупы абмеркавалі праграму юбілейных урачыстасцяў з нагоды 260-годдзя каранацыі папскімі каронамі цудадзейнага абраза Маці Божай Бялыніцкай, якія будуць адзначацца 17–18 верасня 2021 года ў Бялынічах (Магілёўскі рэгіён) як агульнабеларуская ўрачыстасць.
Іерархі падзяліліся досведам душпастырскага служэння ў час пандэміі каранавірусу і прынялі адмысловую Пастанову ў сувязі з новым ростам захворванняў COVID-19 у краіне.
Адпустовая ўрачыстасць Маці Божай Вастрабрамскай у юбілей 100-годдзя з дня нараджэння святога Яна Паўла ІІ пад дэвізам Totus Tuus для беларускіх вернікаў і пілігрымаў адбудзецца ў касцёле святой Тэрэзы ў Вільні 21 лістапада ў 15.00.
Іерархі прапанавалі пачынаючы з нядзелі Пана нашага Езуса Хрыста, Валадара сусвету ўвесці ў жыццё Каталіцкага Касцёла на Беларусі ініцыятыву «Духоўнай успамогі святарскіх і манаскіх пакліканняў у Беларусі».
Каталіцкія біскупы Беларусі выказалі сваю салідарнасць са Старшынёй ККББ Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам, а таксама надзею на яго хуткае вяртанне на радзіму, да сваёй паствы і заклікаюць духавенства і вернікаў працягваць маліцца ў гэтай інтэнцыі.
Наступнае пасяджэнне ККББ запланавана на 13 красавіка 2021 года.