10 кастрычніка ў санктуарыі Маці Божай Шкаплернай у Гудагаі з удзелам біскупаў Алега Буткевіча і Юрыя Касабуцкага адзначылі 25-годдзе манаскага жыцця сястры Марыі Тэрэзіны ад Дзіцяткі Езуса, кармэліткі.
Як паведамляе партал Grodnensis.by, цэлебрацыю ўрачыстай святой Імшы з гэтай нагоды ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Божае слова падчас Эўхарыстыі прамовіў Генеральны вікарый Мінска Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, падкрэсліўшы веліч паклікання і заданняў, якія Бог дае чалвеку.
Эўхарыстыю канцэлебравалі ксёндз канонік Андрэй Яркавец з Бабруйска, ксёндз канонік Аляксей Раманчук з Барысава, айцы кармэліты босыя з Нарачы і Гудагая.
Павіншаваць юбілярку прыбылі сёстры кармэліткі Дзіцяткі Езуса з Брэста, сёстры эўхарысткі з Астраўца, родныя і сябры сястры Тэрэзіны, а таксама вернікі з розных парафій.