Пошук

05.10.2020 15:47   Тэкст: с. Яна Аляксеева CSSH / Фота: а. Стэфан Пупейка OFM / Catholic.by

Святы Францішак Асізскі з’яўляецца адным з галоўных апекуноў парафіі святога Антонія ў Слуцку, у якой служаць айцы францішкане Аляксей Рамановіч і Стэфан Пупейка.

Дзякуючы ім парафіяне пазналі і палюбілі Бедняка з Асізі, які і сёння з’яўляецца для многіх прыкладам жыцця, цалкам з’яднанага з Богам.

Кожны год 3 кастрычніка ў парафіі ўрачыста адзначаюць Transitus (з лац. «пераход») — успамін смерці святога Францішка, пераходу з зямнога жыцця ў вечнае.

Шматгадовай традыцыяй стала таксама інсцэніроўка гісторый з жыцця святога.

Сёлета 4 кастрычніка моладзь парафіі прадставіла гісторыю навяртання Францішка, які, пачуўшы голас Бога, адмовіўся ад мары стаць слаўным рыцарам і выбраў шлях радыкальнага наследвання Езуса Хрыста ў чыстасці, убостве і паслухмянасці. Такім чынам, ён стаў вялікім рыцарам Укрыжаванага Хрыста, узяў у рукі не меч, а Божае Слова; не шчыт, а веру, падперазаў сцёгны праўдай, апрануўся ў панцыр справядлівасці і абуў ногі ў гатоўнасць абвяшчаць супакой і дабро.

Прыклад жыцця Асізскага святога і сёння прыцягвае маладыя сэрцы, запальвае прагненнем ісці Божым шляхам і быць паслухмянай прыладай у руках Бога.

«Няхай святы Францішак дапамагае нам быць адважнымі сведкамі Езуса Хрыста і несці любоў туды, дзе пануе нянавісць, прабачэнне, дзе абражаюць, веру, дзе ёсць сумненне і радасць, дзе неспакой», — такое пажаданне стала лейтматывам сёлетняга моладзевага прадстаўлення ў Слуцку.

Абноўлена 05.10.2020 17:02
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця