Пошук

30.09.2020 12:27   Паводле: Марына Сінкевіч / Catholicnews.by / Фота: Леанід Юрык / Catholicnews.by

29 верасня, у свята святых Арханёлаў Міхала, Габрыэля і Рафала, парафія ў Варапаеве адзначыла адпустовую ўрачыстасць. Нябесным апекуном парафіі з’яўляецца святы Міхал Арханёл.

Як паведамляе Catholicnews.by, таксама ў гэты дзень парафія развіталася са сваім пробашчам кс. Юрыем Вількам SCJ, які быў там з 2015 года вікарыем, а з 2016 пробашчам. 4 верасня святар, які мае польскае грамадзянства, але шмат гадоў служыў на тэрыторыі Беларусі, атрымаў ліст ад упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леаніда Гулякі, які адмяняе дазвол на яго служэнне ў нашай краіне.

На Імшы прысутнічалі дэкан Пастаўскага дэканату кс. Павел Самсонаў, сабраты з кангрэгацыі айцоў сэрцанаў з Паставаў, Гродна і Шаркаўшчыны, святары з суседніх парафій.

Узначаліў цэлебрацыю і прамовіў гамілію віцэ-дэкан Пастаўскага дэканату кс. Аляксандр Баран, пробашч парафіі ў Лынтупах.

Ксёндз Павел Самсонаў ад імя біскупа Віцебскага Алега Буткевіча ўручыў кс. Юрыю Вільку падзяку за ахвярнае шматгадовае служэнне Каталіцкаму Касцёлу ў Беларусі як адданага душпастыра Віцебскай дыяцэзіі.

Словы падзякі і перапрашэння выказалі пробашчу варапаеўскія парафіяне.

Раней ён працаваў на Пастаўшчыне, таму на ўрачыстасць прыбылі і пастаўскія вернікі, каб развітацца з ім і падзякаваць за гады служэння.

На заканчэнне ўрачыстасці адбыліся выстаўленне Найсвяцейшага Сакрамэнту і эўхарыстычная працэсія з фігурай св. Міхала і спевам гімну «Магутны Божа».

 

Абноўлена 30.09.2020 18:52
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.