Пошук

21.09.2020 10:58   Тэкст: а. Пётр Фраштэнга OCD / Фота: а. Юрый Находка OCD / Catholic.by

19 верасня ў санктуарыі Маці Божай Шкаплернай у Гудагаі, якім апякуюцца айцы кармэліты босыя, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч удзяліў сакрамэнт пасвячэння ў ступені прэзбітэрату брату Ігнату Падарэцкаму OCD.

Гэта стала важнай падзеяй у жыцці Рэгіянальнага Вікарыяту кармэлітаў босых у Беларусі.

На ўрачыстай святой Імшы перад цудадзейным абразом Маці Божай Шкаплернай сабраліся браты гэтага манаскага ордэна з усіх кляштараў Вікарыяту.

Сярод прысутных былі бацькі айца Ігната, яго брат, родныя і блізкія, сёстры кармэліткі Дзіцяткі Езуса, а таксама вернікі парафіі ў Гудагаі, з якой паходзіць новапрэзбітэр, і вернікі з Мінска, дзе ён нёс дыяканскае служэнне і працягне служыць як святар.

У прамоўленай гаміліі біскуп Аляксандр Кашкевіч звярнуў увагу на ролю святара ў сучасным свеце. Іерарх таксама заахвоціў удзельнікаў урачыстасці маліцца ў інтэнцыі айца Ігната і ўсіх святароў.

Пасля ўдзеленага пасвячэння новапрэзбітэр упершыню далучыўся да цэлебрацыі Эўхарыстыі, а ў нядзелю 20 верасня цэлебраваў у роднай гудагайскай святыні сваю першую святую Імшу — прыміцыю.

Айцец Ігнат Падарэцкі OCD стаў яшчэ адным святаром у супольнасці кармэлітаў босых, які нарадзіўся і вырас у Беларусі, дзе гэты ордэн адыграў важную ролю ў справе евангелізацыі і гісторыі мясцовага Касцёла.

Урачыстасць пасвячэння ў Гудагаі стала нагодаю для падзякі Найвышэйшаму за шматлікія пакліканні да служэння Богу і людзям у ордэне кармэлітаў босых з нашай зямлі. Прысутныя вернікі маліліся аб тым, каб заступніцтва Каралевы Кармэлю Маці Божай Шкаплернай спадарожнічала айцу Ігнату на шляху яго манаскага і святарскага паклікання.

Абноўлена 23.09.2020 17:53
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа