Пошук

14.09.2020 18:21   Catholic.by

12 верасня, ва ўспамін Найсвяцейшага Імя Марыі, у мінскай архікатэдральнай парафіі адзначалася ўрачыстасць тытулу касцёла.

З нагоды ўрачыстасці слова да вернікаў парафіі даслаў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Слова арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча
да вернікаў мінскай катэдры
з нагоды адпустовай урачыстасці Імя Марыі

Ваша Эксцэленцыя біскуп Юрый Касабуцкі, шаноўны пробашч ксёндз канонік Антоній Клімантовіч, паважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!

У дзень, калі мінская архікатэдра адзначае сваё галоўнае парафіяльнае свята Імя Марыі, сардэчна вітаю ўсіх вас. Сёння імяніны катэдры, з чым віншую катэдральную парафію. Віншую таксама ўсіх, хто носіць імя Марыя ці Мар’ян. Парафіянам і ўсім імяніннікам жадаю апекі нябеснай Апякункі. У сваім жыцці бярыце прыклад з Марыі, якая з’яўляецца Каралевай неба і зямлі і нашай духоўнай Маці.

Сёлетняя галоўная катэдральная ўрачыстасць адзначаецца ў вельмі складаны час нябачнага дасюль у гісторыі нашай Бацькаўшчыны грамадска-палітычнага крызісу.

Нашы мірныя гарады і вёскі, вуліцы і плошчы перамяніліся ў месцы супрацьстаяння, што прывяло да ахвяраў, цярпенняў і новых падзелаў у нашым грамадстве.

Да каго сёння, у драматычнай сітуацыі з трывожным заўтра, мы павінны звяртацца? Пандэмія каранавірусу паказала, што давер чалавека толькі самому сабе, дасягненням навукі, медыцыны, палітычным і грамадскім арганізацыям і рухам не дастатковы для вырашэння праблем сучаснага свету. Чалавек аказаўся бяссільным перад абліччам заразнай хваробы каранавірусу.

Аднак, акрамя фізічнага, існуе і нематэрыяльны, а менавіта грахоўны каранавірус. На вялікі жаль, выхаванае ў часы ваяўнічага атэізму без маральных нормаў грамадства цяпер знаходзіцца пад уплывам лібералізму і матэрыяльнага атэізму і вельмі лёгка яму паддаецца. Яно не будуе сваёй будучыні на евангельскіх каштоўнасцях, што з’яўляецца прычынай розных крызісаў, і таксама таго, які мы перажываем.

Хто дапаможа ў гэты складаны час нашай гісторыі? Вядома, што Бог з’яўляецца яе Валадаром. А дарогу да Бога нам паказвае Марыя. Нездарма лацінскі выраз кажа: Ad Jesum per Mariam — «Да Езуса праз Марыю». Яна з’яўляцца самым кароткім шляхам да Збаўцы, у моцы якога вырашэнне ўсіх праблем.

Бог стварыў чалавека на свой вобраз і падабенства. На жаль, з-за першароднага граху чалавек страціў гэтае падабенства. У той жа час у Марыі, як дасканалым чалавеку, існуе дасканалая згоднасць паміж тым, кім ён ёсць, і тым, кім павінен быць.

І калі мы дазваляем Марыі ўвайсці ў нашае жыццё, тады маем магчымасць наблізіцца да дасканалага вобразу сваёй асобы, якую Бог стварыў.

Сучасны свет больш за ўсё патрабуе аднаўлення духоўнага аблічча чалавека. Канец дэгенерацыі чалавецтва можа наступіць толькі дзякуючы духоўнаму аднаўленню чалавека, каб быў такім, якім яго хоча бачыць Бог. Аднаўленне ж немагчымае без пакаяння і жыцця ў праўдзе.

Драматычная сітуацыя нашай краіны сведчыць аб тым, што наша грамадства ў Божых вачах знаходзіцца «ў мінусе», бо мы не ажыццяўляем той надзеі, якую Бог пакладае ў нас.

У той жа час Марыя з’яўляецца верным адлюстраваннем вобразу, паводле якога Бог Яе стварыў. Праз усё сваё жыццё Яна засталася такой, якой Яе прадбачыў Бог. Марыя дабравольна прыняла Божую волю і такім чынам дала магчымасць Богу практычна ажыццявіць Яго план збаўлення чалавецтва. Бог нікога ні да чаго не змушае, але толькі прапануе. Ён шануе нашу свабоду і чакае адказу. Так Бог дзейнічаў у жыцці Марыі. Так дзейнічае і ў нашым.

Ад нас залежыць наша будучыня, і яе неабходна будаваць на нязменным духоўным фундаменце.

Для гэтага трэба згаджацца з Божай воляй, як гэта чыніла Марыя.

Евангеліст Лука ў сцэне Звеставання кажа, што імя дзевы, да якой звярнуўся Божы пасланец арханёл Габрыэль, было Марыя. Ёсць шмат тлумачэнняў гэтага імені. Найчасцей яно разумеецца як умілаваная Богам або поўная ласкі, як Яе назваў арханёл Міхал, слуга Пана, як Яна сама сябе назвала і г.д.

Хрысціянская пабожнасць называе Марыю рознымі тытуламі. Адно з іх — «Зорка мора». Вядома, якую важную ролю на моры адыгрывае марскі ліхтар — маяк. Ён указвае караблям бяспечны шлях у порт.

Карабель, імя якому Беларусь, знаходзіцца на ўзбураным акіяне грамадска-палітычнага крызісу. Здаецца, што ён загіне, і мы не ведаем, як уратавацца. Падчас шторму на моры капітан шукае маяка, каб выратавацца. Такім маяком у моры нашага неспакойнага часу з’яўляецца Марыя.

Да Яе накіруйма свой позірк, а Яна дапаможа нам вярнуцца да Бога, каб з Яго дапамогай знайсці мірнае вырашэнне крызісу.

Карыстаючыся нагодай, сардэчна дзякую за малітвы ў маёй інтэнцыі. Упершыню галоўнае свята сваёй катэдры не па сваёй волі адзначаю не з вамі, дарагія вернікі. Аднак нават шчыльна зачыненыя межы не могуць зачыніць духоўна-малітоўнага адзінства, чаму таксама дапамагае прамая відэатрансляцыя, дзякуючы якой у малітоўнай еднасці прабываю разам з вамі.

З даверам у дапамогу Марыі малюся за вас, а вы маліцеся за мяне, каб ніякія праблемы не разарвалі еднасці біскупа з вернікамі. Складанасці сваёй сітуацыі ахвярую ў інтэнцыі Касцёла на Беларусі і хутчэйшага мірнага завяршэння грамадска-палітычнага крызісу ў нашай краіне. Жыву надзеяй, што хутка ўбачымся.

Марыя, наша Маці духоўная, Ты не пакінула нас у часы выпрабавання атэістычным рэжымам. У Фацімскім пасланні Ты дала надзею нават насуперак надзеі аб навяртанні нашага народа. Доўгія пакаленні людзі нашай зямлі жылі гэтай надзеяй, і яна ажыццяўляецца, хаця гэты працэс складаны. Сёння, падчас новых выпрабаванняў, будзь з намі і не пакідай нас адных.

На ўзбураным моры сучасных праблем будзь зоркай і пакажы караблю нашага грамадства бяспечны курс да завяршэння канфлікту, каб мы ізноў вярнуліся да мірнага жыцця ў Божай ласцы.

На гэты шлях ад усяго сэрца благаслаўляю ў імя Айца, + і Сына, + і Духа Святога.

Арцыбіскуп Тадэыуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

Беласток, 12 верасня 2020 г.

Абноўлена 14.09.2020 18:51
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця