12 верасня ў касцёле святога Францішка ў Копішчы прайшлі аднадзённыя рэкалекцыі руху «Сужэнскія сустрэчы». Духоўныя практыкаванні адбыліся пад дэвізам «Дыялог — шлях да святасці!».
Сапраўдны дыялог з Богам, самім сабой і іншым чалавекам (найперш сужэнцам), які так неабходны ўсім нам сёння, — такой была тэма, на якой засяродзіліся прысутныя сем'і разам са святарамі.
Выбраны фармат мерапрыемства: сустрэча ў дыялогу – адарацыя – споведзь – Імша – дзяленні пры каве дазваляў удзельнікам вельмі глыбока зазірнуць у сваё сэрца, назваць пачуцці, якія яны адчуваюць у сувязі з апошнімі падзеямі, убачыць уплыў гэтых моцных і складаных пачуццяў на нашую штодзённасць, рашэнні, дзеянні, адносіны ў сем’ях, супольнасцях, з роднымі і іншымі людзьмі.
Падчас сустрэчы ў дыялогу ўдзельнікі прыйшлі да наступных высноваў:
- з аднаго боку, усе інфармацыйныя патокі важныя, але «24-гадзінная адарацыя» навінам, відэа і сацыяльным сеткам на самой справе паралізуе жыццё вельмі моцна і ва ўсіх сферах адначасова: у адносінах з Богам, з дзецьмі, паміж мужам і жонкай, на працы і г.д.;
- у нейкай ступені, калі робімся бязмежнымі прыёмнікамі інфармацыі, то пад цяжарам вельмі моцных, складаных і непрыемных пачуццяў становімся «бясплоднымі». Бо тады людзі перастаюць будаваць адносіны («ідзе, як ідзе»), знаходзіць час адзін на аднаго, для дзяцей, родных і блізкіх, многія каштоўнасці, якімі жылі раней, губляюцца ў інфармацыйных патоках і падзеях і нават дыялог з Богам вельмі часта пачынае згасаць і выглядаць расплыўчата. У выніку губляецца баланс, людзі ідуць на павадку пачуццяў і пачынаюць гаварыць і рабіць тое, аб чым потым часта прыходзіцца шкадаваць.
Удзельнікі дзяліліся тым, што дапамагае ім вярнуцца ў рэальнасць і працягваць жыццё, прыносячы плён:
- штодзённы дыялог з Панам рознымі спосабамі, а праз яго — новае асэнсаванне, што ўсё знаходзіцца ў Божых руках (нават тое, што зараз не змяшчаецца ў сэрцы), толькі ад Яго ўсё залежыць на самой справе і толькі на Яго можна цалкам разлічваць кожны дзень і ў кожнай сітуацыі;
- штодзённы дыялог з самім сабой, у якім прыходзіць асэнсаванне, што, калі я бясконца толькі прымаю інфармацыю, то перастаю жыць сваім жыццём, а пачынаю жыць жыццём іншага чалавека. Але Бог не хоча, каб чалавек пражываў не сваё жыццё такім чынам, таму важна вызначыць для сябе канкрэтны час, калі ёсць магчымасць прапускаць праз сэрца навіны, а ўвесь астатні час старацца жыць для сваёй сям’і, супольнасці, годна выконваць свае абавязкі і быць побач з блізкімі не проста фізічна, але і паглыбляючыся ў іх пачуцці, радасці і цяжкасці ўсім сэрцам. Штодзённа вяртацца да пытанняў сабе: як я сёння выслухаў, стараўся зразумець, падзяліцца сабой і прабачыць? Што ў мяне атрымалася і якія гэта выклікала пачуцці? А што я магу зрабіць лепш для тых, хто побач са мной?
- штодзённы дыялог з іншым чалавекам, які дае магчымасць у тым ліку асэнсаваць, «што канкрэтна я магу зрабіць сёння»: памаліцца за кагосьці, прынесці вады, паразмаўляць з любоўю з бацькамі, спрабуючы іх зразумець і прабачаць за іншы погляд (які адрозніваецца ад майго) і г.д. — рэалізаваць патрэбу ў прыналежнасці праз канкрэтныя пасільныя дзеянні.
Для ўдзельнікаў было важным асэнсаванне таго, што:
- немагчыма поўнасцю стаць на бок тых ці іншых, але важна кожны раз станавіцца на бок дабра;
- распазнаваць, што з’яўляецца дабром, дапамагае, зноў жа, штодзённы дыялог з Богам, сабой і бліжнім;
- калі мы знаходзім сілы і час для штодзённага дыялогу, штодзённай фармацыі, то здолеем прыносіць плён нават у вельмі цяжкія часы і пад уплывам вельмі непрыемных і складаных пачуццяў. Бо, калі так робім, клапоцімся не толькі пра плады, але і пра само дрэва, якое потым дае плод у свой час, і менавіта гэтая штодзённая праца над сабой у дыялогу становіцца шляхам да святасці.
Удзельнікі выказваюць удзячнасць усім святарам, якія былі разам з імі на духоўных практыкаваннях (брату Алегу, айцу Андрэю Стэцкевічу, айцу Яўгену, ксяндзу Віталю), а таксама братам капуцынам за гасціннасць і вельмі ўтульныя ўмовы для правядзення рэкалекцый у касцёле ў Копішчы.
Для ўсіх сем’яў і духоўных асобаў, якія хочуць стаць на шлях дыялогу і развіваць свае адносіны ў гэтым напрамку, ёсць магчымасць узяць удзел у трохдзённых рэкалекцыях «Сужэнскіх сустрэч»:
Мінск: 30 кастрычніка – 1 лістапада
Баранавічы: 27–29 лістапада
Адзіны нумар для запісу: +375 29 652 11 44