Пошук

14.09.2020 18:11   Фота: Віктар Ведзень / Відэа: Віктар Ведзень / Тэкст: Мікола Гракаў / Catholic.by

13 верасня, напярэдадні свята Узвышэння святога Крыжа, на Мядзельскай Кальварыі прайшло набажэнства Крыжовага шляху і святая Імша на Гары Крыжоў, падчас якой біскуп Юрый Касабуцкі ўдзяліў сакрамэнт канфірмацыі групе моладзі.

Мясцовыя вернікі разам са сваімі душпастырамі айцамі кармэлітамі прывіталі іерарха каля брамы гэтага гістарычнага месца культу на Мядзельскай зямлі, з якога адкрываецца прыгожы краявід на лясы і азёры роднага краю, а перад духоўным позіркам становяцца жудасныя сцэны апошняй зямной дарогі Хрыста.

Падчас набажэнства Крыжовага шляху біскуп Юрый заклікаў яго шматлікіх удзельнікаў да падзякі Богу за дар збаўлення, а таксама да супольнай малітвы за Касцёл на Беларусі і арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, які апынуўся ў выгнанні.

Жывым ланцугом сотні людзей пераходзілі са спевамі ад капліцы да капліцы, разважаючы над чатырнаццацю прыпынкамі Хрыста на Яго Крыжовым шляху. У гэты час многія скрысталіся магчымасцю паяднацца з Богам і ў споведзі, якая адбывалася непасрэдна па дарозе, папрасіць у Яго прабачэння за свае грахі.

 

Тэме прабачэння была прысвечана гамілія падчас святой Імшы, цэлебрацыю якой пасля заканчэння набажэнства ўзначаліў біскуп Юрый Касабуцкі. Зыходзячы з евангельскага тэксту, у якім Пётр пытаецца ў Хрыста, колькі разоў трэба прабачаць крыўду, іерарх падкрэсліў, што зрабіць гэта зусім не проста.

Ён дадаў, што прабачаць, тым не менш, неабходна, бо з крыўдай у сэрцы чалавек не можа быць па-сапраўднаму шчаслівым.

Падчас Эўхарыстыі восем юнакоў і дзяўчат з мядзельскай парафіі прынялі канфірмацыю — сакрамэнт хрысціянскай сталасці, які ім удзяліў біскуп Юрый Касабуцкі.

Цікавы факт: навіцый з ордэна айцоў бэрнардынаў Ян Ермаковіч прыехаў у Мядзел для ўдзелу ў набажэнстве на ровары з Будслава, пераадолеўшы шлях каля 40 км у адзін і ў другі бок.

Абноўлена 14.09.2020 18:15
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.