Пошук

11.09.2020 23:58   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Віталій Палінеўскі / Catholic.by

У пятніцу 11 верасня на тэрыторыі касцёла Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы ў Мінску ўвечары прайшло набажэнства Крыжовага шляху з удзелам вернікаў усіх каталіцкіх парафій сталіцы.

Яго ініцыятарамі выступілі вернікі самай старажытнай каталіцкай парафіі Мінска на чале са сваім пробашчам ксяндзом канонікам Юрыем Санько.

Супольная малітва распачалася ў залатагорскай святыні святой Імшой, цэлебрацыю якой узначаліў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі. Іерарх прывітаў шматлікіх прысутных, многія з якіх не змаглі змясціцца ў невялічкім касцёле на Залатой Горцы і стаялі звонку. Сярод іх былі не толькі католікі, але і людзі іншых веравызнанняў, што прыйшлі, каб выказаць сваю салідарнасць і падтрымаць Касцёл на Беларусі ў хвіліну пераследу.

Дзякуючы ім за неабыякавасць, біскуп Касабуцкі зазначыў, што незаконная забарона вяртання на радзіму арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу — гэта ўдар па ўсёй каталіцкай супольнасці нашай краіны, якая засталася без пастыра.

«Мы молімся за яго і не губляем надзеі на тое, што наш арцыпастыр вернецца з выгнання, каб зноў быць разам з намі і весці да збаўлення», — дадаў іерарх.

«Сёння мы збіраемся на старажытнай Залатой Горцы, на гэтым цудоўны месцы, каб тут узносіць нашыя малітвы, каб удзельнічаць у набажэнстве Крыжовага шляху. Сёння пятніца — дзень, калі мы ўзгадваем мучаніцкую смерць Хрыста на крыжы.

Мы пройдзем гэтым шляхам Збаўцы ў інтэнцыі свабоды Касцёла на Беларусі, у інтэнцыі вяртання нашага Мітрапаліта, у інтэнцыі справядлівасці, дабра і супакою ў нашай краіне», — падкрэсліў біскуп Касабуцкі.

У прамоўленай падчас Імшы гаміліі ён засяродзіўся на неабходнасці духоўнай працы над сабой і недапушчальнасці асуджэння іншых людзей, як вучыў паступаць Езус. Звярнуўшы ўвагу на тое, што ў апошні час зноў вельмі папулярнай стала песня Віктара Цоя, у якой спяваецца пра жаданне пераменаў, іерарх сказаў, што гэтыя перамены кожны павінен распачаць з сябе, са свайго сэрца. Паводле яго, у гэтым дапамагае малітва, салідарнасць і добразычлівыя адносіны да ўсіх людзей без выключэння, у тым ліку і да тых, хто нас крыўдзіць.

Біскуп Юрый заўважыў, што пасля эпідэміі каранавірусу Бог дапусціў яшчэ адно цяжкае выпрабаванне, але яно зноў напоўніла апусцелыя святыні і з’яднала ў супольнай малітве за Беларусь вялізную колькасць людзей у нашай краіне і за мяжой.

Пасля святой Імшы распачалося набажэнства Крыжовага шляху. Сотні людзей са свечкамі прайшлі па тэрыторыі даўніх Залатагорскіх могілак, разважаючы над чатырнаццаццю прыпынкамі апошняй зямной дарогі Хрыста. Уступ да малітвы прачытала законніца з супольнасці Сясцёр святога Дамініка Любаміра Кругавая ОР:

«Сёння кожны з нас на гэты Крыжовы шлях прынёс свой крыж, якіх шмат у нашым жыцці. Але асабліва мы хочам несці крыж, якім цяпер прыгнечана наша Бацькаўшчына Беларусь. Хочам прасіць Езуса Хрыста, каб сваёю любоўю перамяніў крыж нянавісці ў любоў, крыж зняваг і гвалту — у пашану да годнасці кожнага чалавека, крыж пераследу Касцёла — у свабоднае вызнанне сваёй веры і поглядаў, крыж несправядліва асуджаных і зняволеных — у прызнанне правоў чалавека. Для ўсіх тых, хто знаходзіцца ў выгнанні, просім аб хутчэйшым вяртанні на радзіму, асабліва для нашага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча».

Разважанні да прыпынкаў Крыжовага шляху, падрыхтаваныя Марынай Валасар, чытала моладзь Залатагорскай парафіі. У супольнай малітве вернікі даручылі Езусу такія цяжкія крыжы нашага народа, як несправядлівасць у грамадскім жыцці, забыццё сваіх каранёў і адмаўленне ад хрысціянскіх каштоўнасцяў, непавагу да Божага дару кожнага зачатага жыцця, амаральныя паводзіны, забабоны, алкагалізм, наркаманію, самагубствы…

 

Завяршаючы набажэнства, біскуп Юрый Касабуцкі шчыра падзякаваў усім яго ўдзельнікам, якія напрыканцы цяжкага тыдня працы прыйшлі, каб супольна маліцца аб спыненні пераследу Касцёла на Беларусі і аб вяртанні на Радзіму арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча.

На заканчэнне супольная малітва «Магутны Божа» ўзнеслася ў вечаровае неба Мінска як выраз супольнай просьбы аб лепшай долі для шматпакутнай Бацькаўшчыны.

Абноўлена 24.09.2020 13:49
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.