10 верасня фігура святога Міхала Арханёла, галоўнага нябеснага апекуна Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, прыбыла ў Пінск у межах перэгрынацыі па беларускіх дыяцэзіях, якая праходзіць у інтэнцыі міру ў нашай краіне і аб хутчэйшым вяртанні на Радзіму арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча.
З гэтай нагоды Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі скіраваў сваё слова з выгнання да духавенства і вернікаў Пінскай дыяцэзіі.
Слова арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча да духавенства і вернікаў Пінскай катэдры з нагоды перэгрынацыі фігуры святога арханёла Міхала ў інтэнцыі мірнага вырашэння грамадска-палітычнага крызісу ў Беларусі
Ваша Эксцэленцыя біскуп Антоні Дзям’янка, Ваша Эксцэленцыя біскуп Казімір Велікаселец, паважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры, усе, каму неабыякавы лёс нашай Бацькаўшчыны.
Сардэчна вітаю ўсіх вас, якія сабраліся ў пінскай катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі.
Вы ведаеце, што ўжо пяты тыдзень на вуліцах і плошчах нашых гарадоў праходзяць мірныя дэманстрацыі і мітынгі, права на ўдзел у якіх гарантавана грамадзянам Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь. Тым не менш падчас іх адбываюцца жорсткія сутыкненні з сілавымі структурамі. У выніку супрацьстаяння пралілася кроў, ёсць ахвяры, шмат людзей пацярпела, з’явіўся нетыповы для нашай краіны дух нянавісці і жадання помсты.
Мы з жахам назіраем за тым, як грамадзянін уздымае руку на грамадзяніна той самай краіны, якая з’яўляецца нашай супольнай Бацькаўшчынай, нашай сям’ёй, чаго нельга было ўявіць яшчэ зусім нядаўна.
Аднак гэта факт, і вельмі сумны. Ён нагадвае пра адсутнасць еднасці і вельмі небяспечныя падзелы ў нашым грамадстве. Сіла ж грамадства ў еднасці, а падзел вядзе да паражэння.
На жаль, сучасны грамадска-палітычны крызіс і падзелы ў грамадстве не абышлі бокам і адносін паміж Касцёлам і дзяржавай. Касцёл і дзяржава — гэта асобныя аўтаномныя адзінкі. Кожны займаецца сваёй справай. Дзяржава — эканамічнымі, палітычнымі, грамадскімі і г.д., а Касцёл — духоўнымі, маральнымі і гуманітарнымі.
Аднак Касцёл дзейнічае ў грамадстве, і яму неабыякавыя працэсы, якія ў ім адбываюцца. Як прапаведнік вечна жывога і дзейснага Божага слова і вартаўнік маральнасці, згодна са сваім сацыяльным вучэннем, ён пакліканы з маральнага пункту гледжання ацэньваць працэсы, якія адбываюцца ў грамадстве.
Касцёл ніякім чынам не ўмешваецца ў палітыку, але толькі імкнецца да справядлівага вырашэння ўзнікаючых праблем згодна з духам Евангелля, у любові, узаемным прабачэнні, праўдзе і справядлівасці.
Езус казаў: «Калі Мяне пераследавалі, то і вас будуць пераследаваць» (Ян 15, 20). На працягу двух тысячагоддзяў сваёй гісторыі Касцёл перажыў не адзін перыяд ганенняў. Мы добра памятаем жорсткі пераслед веры ў часы ваяўнічага атэізму. Сведкам такога ганення з’яўляецца слуга Божы біскуп Зыгмунт Лазінскі, які быў першым біскупам Мінскай дыяцэзіі пасля яе адраджэння. Аднак атэістычнымі ўладамі быў выгнаны з Мінска, пасля чаго быў прызначаны першым біскупам новаўтворанай Пінскай дыяцэзіі. Сведкам пераследу з’яўляецца і жывы мучанік атэістычнага савецкага рэжыму святой памяці кардынал Казімір Свёнтэк.
Іх выганялі і пераследавалі, але яны працягвалі сваё пастырскае служэнне людзям. З вялікім хваляваннем я духоўна сёння прысутнічаю сярод вас, удзельнікаў набажэнства перэгрынацыі фігуры святога арханёла Міхала ў інтэнцыі хутчэйшага вырашэння грамадска-палітычнага крызісу ў нашай краіне. Гэтае хваляванне я адчуваю найперш з-за таго, што скіроўваю да вас гэтыя словы з-за мяжы, бо мне не дазваляюць вярнуцца ў маю Бацькаўшчыну. Маё хваляванне выклікана і тым, што ў пінскай катэдры знаходзяцца парэшткі маіх папярэднікаў у біскупскім служэнні — слугі Божага Зыгмунта Лазінскага і кардынала Казіміра Свёнтка, якія шмат цярпелі і перажылі долю выгнаннікаў.
Сардэчна дзякую за малітвы ў інтэнцыі майго хутчэйшага вяртання да маіх непасрэдных пастырскіх абавязкаў на Радзіме, а таксама ў інтэнцыі мірнага вырашэння грамадска-палітычнага крызісу ў нашай краіне.
У гэты складаны час нашай гісторыі наш позірк мы скіроўваем на святога арханёла Міхала, які з’яўляецца пераможцам злога духа. Так шмат зла, першапрычынай якога з’яўляецца грэх, цяпер у нашым грамадстве. Гэтае зло перашкаджае ў будаванні новага, справядлівага грамадства, якое грунтуецца на евангельскіх каштоўнасцях.
Нягледзячы на ўсе складанасці сучаснасці, даверымся бязмежнаму ў сваёй міласэрнасці Богу, як у свой час даверыліся слуга Божы біскуп Зыгмунт Лазінскі і кардынал Казімір Свёнтэк. Няхай надзея на мірнае вырашэнне сучаснага грамадска-палітычнага крызісу суправаджае нас.
Праз заступніцтва святога арханёла Міхала ўзнясём нашыя малітвы да ўсемагутнага Бога, каб Ён ратаваў нас ад усялякага зла, перадусім зла несправядлівасці і падзелаў. Святы наш заступнік, апякун Касцёла на Беларусі, выпрасі ў Найвышэйшага Бога для нашай Бацькаўшчыны ласку знайсці ў сабе сілы да спынення эскалацыі канфлікту і яго мірнага вырашэння для супольнага дабра нашага народа.
На шлях прымірэння і згоды прыміце благаслаўленне ў імя Айца і Сына, і Духа Святога.
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
Беласток, 10 верасня 2020 г.