30 жнiўня ў парафіі святога Францішка Асізскага ў Мінску адбылася ўрачыстасць Першай святой Камуніі.
Дзеці з гэтай парафіі рыхтаваліся да ўрачыстасці два гады. Вернікі адчувалі радасць і шчасце, бо падзея была для іх доўгачаканай і вельмі важнай.
Асаблівай радасцю для маладой парафіі было тое, што ўрачыстая святая Імша адбывалася ў новым касцёле.
Браты капуцыны і добразычлівыя парафіяне садзейнічалі таму, каб гэты дзень стаў для дзяцей непаўторным.
Дзеці ў белым убранні ўпершыню прынялі Цела і Кроў Хрыста, што з’яўляецца важным момантам у жыцці хрысціяніна.
Момантамі, якія ўпрыгожылі ўрачыстасць, сталі белыя кветкі, музыка і спеў у выкананні дзіцячага хору пад кіраўніцтвам Веранікі Раманенкавай, хлеб як сімвал веры і падарункі.
Зараз для дзяцей, якія прыступілі да Першай Камуніі, праходзіць «белы тыдзень», як называецца тыдзень пасля яе прыняцця. Кожны вечар яны збіраюцца ў касцёле на святую Імшу і малітву.
На заканчэнне тыдня яны разам з бацькамі наведаюць санктуарый Маці Божай Фацімскай у Жодзіне, дзе адбудзецца святая Імша, а пасля яе пікнік і гульні.
Бацькі маленькіх парафіян выказваюць глыбокую ўдзячнасць святарам парафіі братам капуцынам Андрэю Жылевічу і Максіму Варанюку, а таксама катэхетцы Таццяне Мазун за падрыхтоўку дзяцей да гэтай падзеі, любоў і ўсмешку, якія яны дораць дзецям, і прыклад веры, які дзеці атрымліваюць кожны раз, калі прыходзяць у касцёл.