Пошук

08.09.2020 12:56   Падрыхтаваў: Мікола Гракаў / Фота: кс. Уладзімір Марушэўскі SChr / Catholic.by

7 верасня ва ўсіх дыяцэзіях Касцёла на Беларусі адбыліся малітоўныя сустрэчы кансэкраваных асобаў.

Прадстаўнікі мужчынскіх і жаночых супольнасцяў кансэкравнага жыцця і таварыстваў апостальскага жыцця сабраліся на супольную малітву аб мірным вырашэнні грамадска-палітычнага крызісу ў Беларусі і аб хутчэйшым вяртанні на Радзіму Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча.

Манахі, законнікі і законніцы маліліся разам з пастырамі Касцёла на Беларусі.

У Гродне малітоўная сустрэча праходзіла з удзелам біскупа Аляксандра Кашкевіча, у Докшыцах (Віцебская дыяцэзія) — з удзелам біскупа Алега Буткевіча, у Мінску — з удзелам біскупа Юрыя Касабуцкага.

Кансэкраваныя асобы Пінскай дыяцэзіі сабраліся на супольную малітву ў Баранавічах.

Сустрэчы паўсюль распачаліся з адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту, а цэнтральным момантам стала Эўхарыстыя, якая цэлебравалася ў інтэнцыі Касцёла на Беларусі і ўсёй нашай краіны.

Да сабраных на малітву кансэкраваных асобаў духоўна далучыўся таксама арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

З выгнання ён скіраваў да ўдзельнікаў малітоўных сустрэч сваё пастырскае слова.

У ім кіраўнік беларускага каталіцкага епіскапату падзякаваў кансэкраваным асобам за вельмі актуальную ініцыятыву супольнай малітвы.

«Па прычыне немагчымасці фізічна быць на Радзіме, у гэты лёсавызначальны час нашай гісторыі я звяртаюся да вас з-за мяжы.

Хоць знаходжуся далёка, тым не менш духоўна і сэрцам я разам з вамі і падзяляю клопат аб будучыні нашай краіны і Касцёла, у жыцці якога вы адыгрываеце асаблівую ролю», — напісаў іерарх.

Ён звярнуў увагу на тое, што да пандэміі каранавірусу далучылася вельмі вострая і небяспечная праблема сацыяльна-палітычнага крызісу, які перарастае ў своеасаблівую грамадскую пандэмію са сваімі ахвярамі, фізічна і духоўна пацярпелымі.

Разважаючы над прычынаю гэтых праблем, іерарх адзначыў, што прычынай кожнага зла з’яўляецца грэх — нязгоднае з Божым законам жыццё, якое вядзе да разладу са Створцам і бліжнім і з’яўляецца прычынай розных канфліктаў.

«Наша краіна на працягу трох пакаленняў перажыла доўгі перыяд атэізацыі, які не прайшоў без следу. Атрымаўшы свабоду на пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя, мы на самай справе не ведалі, як ёю належным чынам распараджацца. Не да канца ўсведамлялі, што свабода — гэта не толькі дар, але і адказнасць. Адказнасць перадусім перад Богам, з якой вынікае адказнасць перад чалавекам і грамадствам. Калі будзем адказна адносіцца да Божага закону, то на яго падставе зможам паспяхова будаваць міжчалавечыя адносіны і шчаслівае грамадства», — дадаў арцыбіскуп Кандрусевіч.

Гаворачы пра ролю кансэкраваных асобаў у працэсе навяртання і жыцця паводле Божых запаведзяў, іерарх зазначыў, што яны пакліканы стаць евангельскімі «святлом і соллю» ў сучасным бездухоўным свеце.

«У гэты лёсавызначальны час нашай гісторыі звяртаюся да вас з настойлівай просьбай: малітвай, служэннем у духу вашых харызмаў і сведчаннем кансэкраванага жыцця евангельскім святлом асвятляйце Беларусь і евангельскай соллю зберагайце яе ад маральнага псавання, каб яна будавала сваю будучыню на нязменных духоўных каштоўнасцях, што з’яўляецца гарантыяй мірнага суіснавання і паспяховага развіцця грамадства», — заклікаў кансэкраваных асобаў Беларусі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Сустрэчы працягнуліся абменам думкамі ў таварыскай атмасферы паміж прадстаўнікамі розных манаскіх супольнасцяў, якія нясуць служэнне ў мясцовым Касцёле. Удзельнікі выказвалі радасць ад таго, што пасля доўгага перапынку, выкліканага складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй, кансэкраваныя асобы могуць зноў маліцца разам.

Малітоўныя сустрэчы кансэкраваных асобаў у розных дыяцэзіях паказалі, што складаная сітуацыя не аслабіла Касцёл, а дапамагла хрысціянам яшчэ мацней з’яднацца ў духу малітвы і вернага служэння Богу і бліжнім.

Абноўлена 24.09.2020 13:52
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.