Пошук

06.09.2020 00:26   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Віталій Палінеўскі / Catholic.by

Увечары 5 верасня ў мінскім касцёле святога Сымона і святой Алены вялікая колькасць людзей узяла ўдзел у святой Імшы за пацярпелых, забітых і зняволеных на мірных акцыях пратэсту ў Беларусі. Цэлебрацыю ўзначаліў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі.

Да іх духоўна далучыліся яшчэ каля трох тысяч, якія глядзелі анлайн-трансляцыю набажэнства на партале Catholic.by.

У час, калі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч знаходзіцца ў выгнанні і не мае пагчымасці вярнуцца на Радзіму, Генеральны вікарый ажыццяўляе пастырскае кіраўніцтва Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіяй.

На пачатку Імшы біскуп Касабуцкі прывітаў усіх сабраных у Чырвоным касцёле.

Сярод іх былі не толькі прадстаўнікі розных хрысціянскіх канфесій, але таксама юдэйскай супольнасці і нават няверуючыя, якія з патрэбы сэрца прыйшлі ў гэты вечар у святыню.

Іерарх заклікаў усіх да супольнай малітвы, якую параўнаў з бальзамам, здольным загаіць зраненыя болем душы.

Пасля гэтага біскуп з кароткім словам прывітання на англійскай мове звярнуўся да супрацоўнікаў дыпламатычных місій, якія прыйшлі, каб памаліцца разам з беларусамі і такім чынам выказаць сваю салідарнасць з народам нашай краіны у час нечуванага гуманітарнага крызісу.

У прамоўленай гаміліі Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі напачатку нагадаў, якія жудасці давялося перажыць многім удзельнікам мірных акцый пратэсту ў розных населеных пунктах Беларусі, і што некаторыя з іх ужо ніколі не вернуцца дадому.

«Даруй нам, Божа, за тое, што на нашай зямлі хтосьці загінуў, бо гэта трагедыя; трагедыя ўсяго нашага народа!» — сказаў іерарх. Ён дадаў, што людзі загінулі толькі за тое, што хацелі праўды і справядлівасці.

«Я думаю, што гэтых людзей, нават калі яны былі няверуючымі, нават калі яны былі далёка ад Бога, Бог прытуліў да свайго Сэрца», — адзначыў біскуп Юрый.

Ён расказаў пра тое, якімі жахлівымі сведчаннямі з ім як святаром дзяліліся людзі, што перажылі здзекі і катаванні на Акрэсціна і ў іншых месцах зняволення, куды іх забралі толькі за тое, што яны выступілі супраць няпраўды. Пры гэтым біскуп падкрэсліў, што фізічныя раны, нават цяжкія, загояцца, але найбольш страшнымі з’яўляюцца наступствы псіхалагічнай траўмы. Яна раніць не толькі душу чалавека, які перанёс гвалт, але таксама душы яго бацькоў, родных, і проста неабыякавых людзей, сеючы ў іх насенне крыўды і нянавісці, няздольнасці прабачыць.

«Менавіта гэта д’ябал хацеў пасеяць у сэрцах нашых людзей.

Мы, беларусы, заўсёды былі мірнымі людзьмі, міралюбнымі; мы заўсёды жылі ў згодзе, але ў нас сеюць гэтую нянавісць, сеюць гэтую злосць у нашыя сэрцы. І мы асабліва молімся за ўсіх людзей, якія пацярпелі ад насілля: за тых студэнтаў, якіх сёння так брутальна, жудасна на Карла Маркса хапалі, скручвалі; за тую дзяўчыну, якую цягнулі за валасы. <…> Молімся асабліва за ўсіх гэтых людзей, бо кожны з іх атрымлівае псіхалагічную траўму, з якой трэба будзе жыць доўга», — сказаў біскуп Юрый Касабуцкі.

Пастыр растлумачыў сэнс хрысціянскага прабачэння, да якога заклікае людзей Бог і пра што згадвае арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у сваім звароце да паствы з выгнання. Біскуп Касабуцкі падкрэсліў, што прабачэнне — гэта не аднаразовы акт, а каласальная праца. Іерарх нагадаў словы святога Яна Паўла ІІ, які казаў, што прабачэнне — гэта не слабасць, а праява моцы і перамога над злом у самім сабе, што дае магчымасць «дакрануцца» да Бога. Па словах пастыра, адзіным паратункам у гэтай сітуацыі з’яўляецца малітва, размова з Богам. Голас Бога, які гучыць у душы і дапамагае адрозніваць дабро ад зла, называецца сумленнем. Біскуп Юрый зазначыў, што цяпер сілы зла імкнуцца прымусіць змоўкнуць гэты голас, але не могуць цалкам яго знішчыць, бо ён прамаўляе ў душы, у сэрцы чалавека нават за кратамі.

Іерарх нагадаў словы Езуса, які заклікаў маліцца за ворагаў, і дадаў, што мы сёння молімся і за людзей, якія здзяйсняюць бесчалавечныя ўчынкі.

«Мы молімся за іх навяртанне. І чым больш мы молімся, тым больш людзей могуць адкрыць гэтую клетку свайго сумлення», — заўважыў біскуп, дадаўшы што малітва размякчае каменныя сэрцы так, як вада кропля за кропляй точыць камень.

«Малітва можа дапамагчы чалавеку вярнуць яго чалавечае аблічча», — сцвердзіў іерарх і заклікаў усіх, у тым ліку і няверуючых, знайсці ў сабе сілу пажадаць дабра таму, хто зрабіў нам крыўду.

Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі прапанаваў паглядзець на сітуацыю ў Беларусі праз прызму Святога Пісання, якое дапамагае зразумець, што нават з вялікага зла Бог можа зрабіць дабро.

Паводле яго, гуманітарны крызіс як ніколі з’яднаў наш народ, і сёння людзі Беларусі праяўляюць нябачаную раней салідарнасць.

Гаворачы пра выгнанне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча і абвінавачванне ў яго адрас, што ён, маўляў, «улез у палітыку», біскуп Юрый Касабуцкі задаў пытанні:

«Калі мы сёння кажам, што выступаем супраць насілля, — гэта палітыка? Калі мы сёння кажам, што выступаем супраць катаванняў, — гэта палітыка? Калі мы молімся кожны дзень, каб ніколі не было ў нашай краіне чагосьці падобнага, — гэта палітыка? Калі мы кажам, што хочам жыць у праўдзе, у сумленнасці, у добразычлівасці, — гэта палітыка? <…>

Мы не лезем у палітыку: мы проста молімся за свой народ, за ўвесь народ без выключэння», — сцвердзіў іерарх.

Ад імя Мінска-Магілёўскага Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча біскуп Юрый Касабуцкі шчыра падзякаваў усім удзельнікам малітвы ў Чырвоным касцёле. Ён аддаў нізкі паклон беларускім жанчынам, якія з кветкамі ў руках здзейснілі геройскі ўчынак, выйшаўшы на вуліцы з пасланнем міру.

На заканчэнне гаміліі іерарх даручыў усіх людзей Беларусі Богу і заступніцтву Яго Найсвяцейшай Маці.

 

Абноўлена 24.09.2020 13:52
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.