4 верасня з Гродна распачался перэгрынацыя фігуры святога Міхала Арханёла па катэдральных касцёлах усіх дыяцэзій на Беларусі ў інтэнцыі хутчэйшага вырашэння грамадска-палітычнага крызісу ў краіне.
З гэтай ініцыятывай 29 жніўня выступіў Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
Увечары ў пятніцу фігуру святога Арханёла Міхала, нябеснага апекуна Касцёла на Беларусі, урачыста прывіталі ў гродзенскай катэдральнай базыліцы святога Францішка Ксавэрыя.
З гэтай нагоды арцбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч скіраваў сваё слова з Беластока, дзе ў цяперашні час знаходзіцца ў выгнанні.
Слова арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча
Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага
Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
на пачатак перэгрынацыі фігуры святога Арханёла Міхала ў інтэнцыі Беларусі
Ваша Эксцэленцыя, глыбокапаважаны біскуп Аляксандр Кашкевіч, біскуп Юзаф Станеўскі, паважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!
Сардэчна вітаю ўсіх вас, сабраных сёння ў гродзенскай катэдры, каб прыняць удзел у набажэнстве, якім у Беларусі распачынаецца перэгрынацыя фігуры святога Арханёла Міхала ў інтэнцыі хутчэйшага і мірнага вырашэння грамадска-палітычнага крызісу, што ахапіў нашу Бацькаўшчыну і пагражае перарасці ў грамадзянскую вайну.
Мірная і памяркоўная Беларусь перажывае трывожны час, і ад таго, як мы сёння будзем дзейнічаць, залежыць наша будучыня.
З самага пачатку крызісу Касцёл выступаў і працягвае выступаць за мірнае вырашэнне ўсіх спрэчных пытанняў. Нашай зброяй з’яўляецца Евангелле і малітва.
Евангелле вучыць сумленнаму жыццю ў праўдзе, а малітва вядзе да Бога і выпрошвае Яго міласэрнасць. Святы Ян Павел ІІ казаў, што адзінай надзеяй сучаснага свету, які заграз у канфліктах, з’яўляецца Божая Міласэрнасць. Да яе мы павінны звяртацца перад абліччам небяспечнай пагрозы падзелу нашага грамадства, які ўсё больш паглыбляецца. Хрыстус вучыць, што падзеленае грамадства не мае будучыні.
Сёння нам у імя нашай будучыні найперш неабходна пакаянне, без якога немагчыма распачаць новае жыццё. Пакаянне вядзе да ўнутранай духоўнай свабоды, якая з’яўляецца падмуркам кожнай іншай. Мы ўсе створаны для свабоды, якой нельга належным чынам зразумець без адказнасці. Нездарма святы Ян Павел ІІ казаў, што свабода без адказнасці вядзе да анархіі.
Нам патрэбны таксама дух прабачэння і міласэрнасці з захаваннем прынцыпу справядлівасці, аб чым нагадвае старая лацінская максіма: Iustitia in caritate — «Справядлівасць у міласэрнасці». Нялёгка прабачыць, але без прабачэння няма будучыні. Езус з дрэва крыжа маліўся да нябеснага Айца, каб прабачыў тым, хто Яго ўкрыжаваў. Святы Ян Павел ІІ падчас Вялікага Юбілею двухтысячагоддзя хрысціянства таксама заклікаў да ўзаемнага прабачэння. Ён казаў, што прабачэнне — гэта прыкмета не слабасці, а сілы, бо, прабачаючы вінаватым перад намі, мы адначасова перамагаем саміх сябе, свой эгаізм, сваю злосць і такім чынам становімся на шлях паяднання.
Сёння распачынаецца перэгрынацыя па беларускіх катэдральных касцёлах фігуры пераможцы злога духа святога Арханёла Міхала — апекуна Касцёла на Беларусі.
З воклічам Quis ut Deus — «Хто ж як Бог» — ён падняўся на барацьбу са збунтаваныі анёламі і перамог іх. З гэтым самым воклічам сёння, у цяжкую хвіліну выпрабавання, паднімемся і мы на барацьбу з грахом, які з’яўляецца вытокам усялякага зла, каб ва ўсім панаваў Бог і ўстаноўлены Ім справядлівы лад жыцця.
Звяртаюся да вас з гэтым пастырскім словам з-за мяжы, дзе вымушаны знаходзіцца па прычыне забароны вяртання на Радзіму. Сваімі думкамі і малітвамі я з вамі. Дзякую за салідарную падтрымку і малітвы ў інтэнцыі майго хутчэйшага вяртання да сваёй паствы. Цяперашняе сваё становішча прымаю як Божае выпрабаванне, якое ахвярую ў інтэнцыі хучэйшага і мірнага вырашэння грамадска-палітычнага крызісу ў нашай Бацькаўшчыне і яе мірнай будучыні.
Святы Арханёле Міхале, беражы нас і вядзі да перамогі дабра над злом!
Няхай благаслаўленне Бога Усемагутнага, Айца і Сына, і Духа Святога будзе з усім вамі.
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
Беласток, 4 верасеня 2020 г.