16 жніўня ў малітоўнае памяшканне гродзенскай парафіі Святога Духа (Альшанка) былі ўнесены рэліквіі благаслаўлёнага ксяндза Ежы Папялушкі, мучаніка і вялікага змагара за праўду і свабоду.
Як паведамляе партал Grodnensis.by, урачыстае ўнясенне рэліквій здзейсніў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Рэліквіі былі перададзены Варшаўскай архідыяцэзіяй у дар маладой гродзенскай парафіі, якая толькі будуе свой уласны касцёл.
Рэліквіі благаслаўлёнага Ежы Папялушкі вернікі віталі гучнымі воклічамі, з надзеяй, што мучанік будзе асабліва сёння, у цяжкія часы, якія перажывае наша краіна, дапамагаць ім з неба.
Яны просяць, каб прыклад і заступніцтва благаслаўлёнага дапамаглі Бацькаўшчыне перажыць гэтыя выпрабаванні і навучылі людзей, што кожнае зло трэба перамагаць дабром, а на кожную нянавісць і гвалт адказваць любоўю і павагай.
Моладзь парафіі прамовіла малітву за нашу краіну, просячы добрага Бога, каб у нашым грамадстве запанаваў дух міру і еднасці, а брат ніколі не падымаў руку на брата. Затым біскуп Кашкевіч узначаліў цэлебрацыю святой Імшы ў інтэнцыі Беларусі.
Пробашч парафіі кс. канонік Павел Салабуда прызнаўся, што ўнясенне рэліквій планаваў здзейсніць увосень, калі Касцёл будзе адзначаць літургічны ўспамін благаслаўлёнага Ежы Папялушкі, святара і мучаніка.
Аднак бачачы тое, што сёння адбываецца на вуліцах гарадоў, мястэчак і вёсак нашай краіны, святар вырашыў, што менавіта цяпер настаў адпаведны момант, каб звярнуцца па дапамогу да благаслаўлёнага святара і мучаніка.
Вернікі маладой парафіі ў Гродне перакананыя, што заступніцтва благаслаўлёнага ксяндза Ежы Папялушкі дапаможа нашай краіне атрымаць жаданы мір і што ў ёй хутка запануюць еднасць і згода.
Ежы Папялушка нарадзіўся 1 верасня 1947 года ў в. Акопы каля Сухаволі (Польшча). У 1972 годзе атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне. Падчас забастовак у 1980 годзе займаўся душпастырскай апекай у рабочым асяроддзі Варшавы.
Святар быў адным з духоўных пастыраў прафсаюза «Салідарнасць», які супрацьстаяў нялюдскаму камуністычнаму рэжыму. З лютага 1982 года ксёндз Ежы цэлебраваў святыя Імшы за Айчыну, на якіх збіраліся вернікі з розных куткоў Польшчы.
19 кастрычніка 1984 года святар быў выкрадзены функцыянерамі службы бяспекі, жорстка закатаваны і ўтоплены ў рацэ Вісла. У 2010 годзе далучаны Касцёлам да ліку благаслаўлёных.
У сваіх настаўленнях вернікам ксёндз Ежы Папялушка падкрэсліваў, што трэба гаварыць праўду, калі іншыя маўчаць, выражаць любоў і пашану, калі іншыя сеюць нянавісць, маўчаць, калі іншыя гавораць.
Святар казаў таксама, што трэба маліцца, калі іншыя праклінаюць, дапамагаць, калі іншыя не хочуць гэтага рабіць, прабачаць, калі іншыя не здольныя, цешыцца жыццём, калі іншыя яго ігнаруюць.