Пошук

18.08.2020 12:26   Тэкст: Ганна Панарына, Алена Плаўсюк / Фота: Ганна Панарына, Жанна Верацiла / Catholic.by

З 2009 года ў горадзе Баранавічы дзейнічае катэхетычны каледж імя Зыгмунта Лазінскага — першая ў Беларусі свецкая каталіцкая навучальная ўстанова.

У выкладчыцкі склад каледжа ўваходзяць магістры і дактары (кандыдаты) свецкіх і рэлігійных навук, якія ахвотна і захапляльна дзеляцца сваімі прафесійнымі ведамі і навыкамі.

Асноўнымі мэтамі дзейнасці каледжа з’яўляюцца паглыбленне рэлігійных ведаў, умацаванне веры і развіццё хрысціянскай культуры.

У каледжы вядзецца навучанне па чатырох спецыяльнасцях:

  • катэхетыка (катэхет-арганізатар літургіі; катэхет-арганізатар рэлігійнага турызму і адпачынку), якая прадугледжана для асоб, якія жадаюць пасля заканчэння ўстановы працаваць у парафіях у якасці катэхетаў (настаўнікаў катэхізіса);
  • агульная тэалогія (без права выкладання катэхізіса) прадугледжана для людзей, якія жадаюць паглыбіць сваю веру і веды, вывучаючы каталіцкае багаслоўе;
  • сямейнае кансультаванне, якое прадугледжана для тых асоб, якія жадаюць на прафесійным узроўні дапамагаць душпастырам у вырашэнні розных духоўных і маральных праблем, звязаных з сужэнствам і сямейным жыццём вернікаў;
  • кансультаванне ў галіне залежнасцяў, прадугледжанае для асоб, якія жадаюць на прафесійным узроўні аказваць дапамогу душпастырам у вырашэнні розных духоўных і маральных праблем, звязаных з разнастайнымі залежнасцямі і сузалежнасцямі вернікаў.

Навучанне ў каледжы працягваецца тры гады (з верасня па чэрвень). Форма — завочная. Заняткі праводзяцца ў суботу і нядзелю два разы на месяц. У выпадку неабходнасці — дыстанцыйна. Навучанне бясплатнае. Іншагароднія студэнты забяспечваюцца начлегам і харчаваннем.

Узрост абітурыентаў не абмежаваны; галоўнае — жаданне вучыцца.

Каледж з гонарам носіць імя Зыгмунта Лазінскага — першага біскупа Пінскай дыяцэзіі, чыё жыццё з’яўляецца ўзорам святасці і сапраўды хрысціянскай пабожнасці. Таму навучанне тут скіравана на тое, каб паглыбленне ведаў па тэалогіі (дагматычнай, маральнай, пастаральнай), Святому Пісанні, гісторыі Касцёла, кананічнаму праву, літургіцы, патралогіі, рэлігіязнаўстве, сацыяльным вучэнні Касцёла, філасофіі, псіхалогіі, педагогіцы, катэхетыцы і іншых прадметах вяло да ўнутранага духоўнага ўдасканалення.

За час навучання ў студэнтаў паглыбляецца светапогляд і пераасэнсоўваюцца жыццёвыя каштоўнасці, стаўленне да жыцця і людзей. Дзякуючы духоўнаму развіццю яны атрымліваюць магчымасць паспяхова змагацца са сваімі недахопамі, змяняць сябе і сваё жыццё. Гэта адбываецца ненавязліва, як бы само па сабе пад уплывам той атмасферы, якая пануе ў каледжы.

Унікальнасць катэхетычнага каледжа заключаецца ў тым, што толькі тут можна атрымаць веды па прадметах, якіх не выкладаюць у сучасных свецкіх навучальных установах.

Маюцца на ўвазе не толькі тэалагічныя і рэлігійна-хрысціянскія навукі, а таксама дапаможныя дысцыпліны, якія спрыяюць шырэйшай рэалізцыі ў прафесійнай дзейнасці лекара, педагога, псіхолага і г.д. Сюды ўваходзяць біяэтыка, метафізіка, сямейная катэхетыка, розныя залежнасці, сузалежнасць, МРП і шэраг іншых навук. Менавіта таму большасць студэнтаў у каледжы па прафесіі з’яўляюцца медыцынскімі работнікамі, педагогамі, настаўнікамі і псіхолагамі розных кірункаў, рэпарцёрамі-журналістамі. Сустракаюцца і электраманцёры, мастацкія афарміцелі, маркетолагі.

Яшчэ адным цікавым і займальным прадметам каледжа з’яўляецца рэлігійны турызм, бо за час вучобы студэнты неаднаразова адкрываюць для сябе ласку важных хрысціянскіх месцаў, прыхінаюцца да святых крыніц, набываюць новы духоўны вопыт і незабыўныя ўражанні.

А вось што кажуць аб любімым каледжы выпускнікі:

Аляксандра:

— Гэта былі выдатныя гады майго жыцця. Тут я сустрэла сапраўдных сяброў, з якімі падтрымліваю адносіны да гэтага часу, прычым не раз на год, а часцей. Тут я больш спазнала, пазнала сябе. Тут будаваліся і развіваліся цудоўным чынам мае адносіны з Богам. Што датычыцца ведаў, яны мне спатрэбіліся і ў пазнанні сябе, і ў пазнанні іншых. Прычым я магла іх выкарыстаць у сваёй медычнай практыцы.

Каледж дапамог мне зрабіць важны крок да самастойнасці: выехаць з бацькоўскага гнязда.

Ва ўсім я бачу Божую волю адносна мяне, таму каледж — гэта вельмі важная частка ў маім жыцці на шляху да пазнання сябе і Бога.

Алёна:

— Маё рашэнне паступіць у каледж — гэта, перш за ўсё, свядомае рашэнне, каб умацаваць сваю веру, дапамагчы людзям, дзякуючы сваёй веры і ведам спазнаць жывога і сапраўднага Бога, які любіць кожнага з нас. Гэта магчымасць акунуцца ў асаблівую атмасферу.

Катэхетычны каледж — гэта другая сям’я, куды хочацца вяртацца.

Пасля яго заканчэння я зусім іншымі вачыма зірнула на Бога, які заўсёды побач. Тут блізкія па духу людзі, незабыўныя і яркія заняткі, якія застаюцца ў памяці і ў сэрцы, выкладчыкі, якія ніколі не адмаўлялі ў дапамозе.

Таццяна:

— Маё рашэнне паступіць у каледж было сталым. Я хацела паглыбіць свае веды, спазнаць Бога не толькі сэрцам, але і розумам. Бо тыя, хто вырас у савецкі час, былі гэтага пазбаўленыя. Таму, як толькі з’явілася такая магчымасць, я ею скарысталася. З іншага боку, так, я захацела, але калі б на гэта не было волі Божай, то мой шлях не ляжаў бы праз навучанне ў каталіцкім каледжы. Простымі словамі, Бог захацеў — і я паступіла.

Тыя веды, якія я набыла ў каледжы, потым спатрэбіліся мне ў адносінах з іншымі людзьмі, дазволілі лягчэй данесці ім праўду пра Бога, дапамаглі мне ў маёй дзейнасці.

Я стала інакш глядзець на жыццё, больш увагі пачала надаваць натуральным метадам планавання сям’і.

Самае вялікае ўражанне, якое я атрымала ў каледжы — гэта некалькі сустрэч, якія былі ў нас з легендарным беларускім кардыналам Казімірам Свёнткам: чалавекам, які з’яўляецца прыкладам служэння Богу і людзям. Гэтыя сустрэчы былі незабыўныя. Наогул, уся атмасфера, якая існавала ў доме на Шаўчэнка, была прасякнута Божай ласкай. Нават цяпер, калі я зноў пабыла ў гэтых сценах, да мяне вяртаюцца прыемныя ўспаміны. Таму ўсім, каго я ведаю, я кажу пра тое, што вучыцца там варта.

Баранавіцкі катэхетычны каледж зноў адчыняе свае дзверы для абітурыентаў на 2020–2021 навучальны год і запрашае ўсіх жадаючых далучыцца да вялікай і дружнай студэнцкай сям’і.

Уступны экзамен для абітурыентаў:

  • першы тур — 29 жніўня ў 11.00;
  • другі тур — 5 верасня ў 11.00.

Адрас каледжа:
225411 г. Баранавічы, вул. Т. Шаўчэнкі, 6

тэл / факс: +375 (163) 57 93 14

МТС: +375 (29) 513 57 92

А1: +375 (29) 644 26 05

e-mail: callegge@gmail.com

сайт: catcollege.by

Абноўлена 18.08.2020 12:34
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа