Праваслаўныя, католікі, грэка-католікі, прадстаўнікі пратэстанцкіх супольнасцяў 14 жніўня зноў сабраліся разам у гістарычным цэнтры Мінска, каб супольна памаліцца аб спыненні насілля ў краіне.
Сустрэча братоў і сясцёр у Хрысце пачалася з малітвы і разважання над Божым Словам.
Прадстаўнікі розных канфесій нагадалі аб важнасці ўзаемнага прабачэння, навяртання і жыцця па Божых запаведзях.
Малітоўнае шэсце прайшло ўздоўж праспекта Незалежнасці да касцёла святога Сымона і святой Алены, дзе яго ўдзельнікі, стаўшы на калені, разам прамовілі агульную малітву ўсіх хрысціянаў «Ойча наш». На зваротным шляху да праваслаўнага кафедральнага сабора Святога Духа да малітвы далучалася ўсё больш людзей.