9 жніўня Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які знаходзіцца на лячэнні ў рэабілітацыйным цэнтры ў Аксакаўшчыне, што пад Мінскам, прагаласаваў на арганізаваным тут выбарчым участку.
Выканаўшы свой грамадзянскі абавязак, іерарх узначаліў цэлебрацыю нядзельнай святой Імшы ў касцёле Маці Божай Ружанцовай у Ракаве.
Разважаючы над урыўкам з Евангелля пра тое, як Хрыстус прыйшоў да вучняў па вадзе, іерарх зазначыў, што гэты цуд дае зразумець важную духоўную праўду.
«Вучні, якія плылі ў чоўне, калі ўбачылі, як Езус набліжаецца да іх, ідучы проста па вадзе, спачатку спалохаліся і падумалі, што бачаць прывід. Каб пераканацца ў тым, што гэта сапраўды іх Настаўнік, Пётр хоча сам прыйсці да Яго па вадзе і спачатку яму гэта ўдаецца.
Але Пётр мог ісці па вадзе толькі тады, калі быў сканцэнтраваны на Езусе. Як толькі яго апанаваў страх перад моцным ветрам і хвалямі, ён пачаў тануць.
Апынуўшыся ў вадзе, Пётр зноў звяртаецца да Езуса: „Пане, ратуй!“ І Езус яго ўратаваў», — сказаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
«Не дадзім страху перад супраціўным ветрам запанаваць над намі, каб нас не пахлынулі ўзбураныя хвалі мора гэтага свету.
У складаны час, які цяпер перажывае наша Бацькаўшчына, давайце сканцэнтруемся на Езусе, бо Ён адзін можа ўратаваць нас ад усялякага зла, каб мы не патанулі ў небяспечных хвалях.
Пане, ратуй нас! Вазьмі нас за руку і не дай загінуць у раз’юшаным акіяне непаразуменняў, грахоўнасці і адсутнасці любові да бліжняга », — завяршыў гамілію кароткай малітвай арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.