Пошук

10.08.2020 14:44   Catholic.by
Фота кс. Дзмітрыя Барылы

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які знаходзіцца на лячэнні ў Аксакаўшчыне, 8 жніўня ўзначаліў цэлебрацыю адпустовай святой Імшы ў Ракаве, падчас якой заклікаў да малітвы аб мірным вырашэнні складанай сітуацыі ў краіне.

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі наведаў Ракаў, каб памаліцца разам з тутэйшымі вернікамі праз заступніцтва апекуна парафіі святога Дамініка.

У восьмы дзень восьмага месяца разам з арцыпастырам урачыстую святую Імшу цэлебравалі восем святароў. У Эўхарыстыі ўзялі ўдзел шматлікія вернікі з Ракава і ваколіц, а таксама са сталіцы.

У прамоўленай гаміліі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч напачатку адзначыў вялікую ролю, якую адыграў святы Дамінік і заснаваны ім манаскі ордэн дамінканаў і дамініканак у абвяшчэнні Божага Слова і змаганні з ерасямі. Пры гэтым іерарх падкрэсліў неабходнасць новай евангелізацыі ў сучасным секулярызаваным свеце, які часта не жадае прымаць праўду і жыць згодна з сумленнем, што становіцца прычынай галоўнай ерасі нашага часу — адыходу ад Бога.

«Божае слова, якое абвяшчаў святы Дамінік, — гэта слова збаўлення, актуальнае ва ўсе часы», — сцвердзіў арцыбіскуп.

Ён нагадаў, што Найсвяцейшая Панна Марыя перадала святому Дамініку Ружанец і наказала вучыць людзей гэтай малітве. Ордэн дамінканаў прычыніўся да таго, што гэтая прыгожая малітва, спалучаная з успамінам галоўных падзей таямніцы збаўлення, распаўсюдзілася ва ўсім свеце. Папулярная яна таксама ў Беларусі.

З ракаўскага касцёла Маці Божай Ружанцовай Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі заклікаў усіх вернікаў нашай краіны ў цяжкую хвіліну ахінуць Бацькаўшчыну малітвай на ружанцы.

Іерарх нагадаў, як каля трох дзесяцігоддзяў таму, калі Філіпіны знаходзіліся на парозе грамадзянскай вайны, арцыбіскуп Манілы кардынал Джэймс Сін заклікаў суайчыннікаў да ружанцовай малітвы аб мірным вырашэнні складанай сітуацыі. Тады заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі дапамагло вярнуць мір і згоду ў філіпінскім грамадстве.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч запэўніў у тым, што сам штодзённа моліцца на ружанцы аб супакоі ў Беларусі і заклікаў да асаблівай ружанцовай малітвы ў гэтай інтэнцыі ўсіх беларускіх вернікаў.

«Няхай адступяць зло і нянавіць, а ў нашых сэрцах і ў нашай Бацькаўшчыне няхай запануюць справядлівасць і паразуменне ў духу дыялогу, якія забяспечаць трывалы мір і згоду ў нашым грамадстве дзеля лепшай будучыні наступных пакаленняў», — сказаў на заканчэнне кіраўнік беларускага каталіцкага епіскапату.

Абноўлена 24.09.2020 14:18
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця