Пошук

05.08.2020 11:07   Паводле: Аve-maria.by / Catholic.by

У ліпені выйшлі ў свет новыя нумары папулярных у Касцёле на Беларусі каталіцкіх часопісаў.

Калі ўвесь свет перажывае неспакойны час, падборка матэрыялаў у новым нумары часопіса «Ave Maria» прысвечана тэмам, якія неадменна хвалююць кожнага: надзея, вера, смерць, месца чалавека ў свеце, пашана да чалавечага жыцця.

Пра становішча Касцёла падчас крызісу разважае кс. Андрэй Рылка ў рубрыцы «Святар адказвае на пытанне».

У рубрыцы «Споведзь» а. Аркадзь Куляха OCD тлумачыць значэнне збавеннай пакуты як неад’емнай часткі сакрамэнту пакаяння.

«З-за пыхі чалавек няздольны адкрывацца на праўду: стварае свой уласны свет, што таксама ўплывае на рэлігійныя ўяўленні, на малітву, і не згаджаецца, каб Бог вёў яго ў невядомае, у таямніцы» — гэтак перасцерагае чытачоў ад празмернага спадзявання на сябе а. Юрый Кулай OCD — аўтар рубрыкі «Школа малітвы».

Беларусь, як і ўвесь свет, знаходзіцца ў небяспецы пандэміі, і гэта не можа не выклікаць у людзей занепакоенасці, сумненняў, але таксама і вялікай ахвярнасці, узаемападтрымкі і любові. Тэме пандэміі прысвечана некалькі матэрыялаў гэтага нумара, у тым ліку — артыкул Дар’і Ахламёнак «Хадзіць ці не хадзіць — вось у чым пытанне», а таксама інтэрв’ю Кацярыны Дурко з хрысціянскім псіхолагам Юрыем Раманюком пра тое, як перажываць час пандэміі. Сваім досведам на гэтую ж тэму дзеляцца і нашыя чытачы.

Гэты Пастырскі год прысвечаны 100-годдзю з дня нараджэння св. Яна Паўла ІІ.

У летнім нумары «Ave Maria» апавядае пра парафію св. Яна Паўла ІІ у Смаргоні — першую парафію ў гонар Вялікага Папы, заснаваную ў Беларусі, а таксама друкуем разважанні святога Яна Паўла ІІ пра Эўхарыстыю і малітву.

Таксама ў нумары чытачы знойдуць літанію да святога сужэнства Луі і Зэлі Мартэн, бацькоў св. Тэрэзы з Лізьё, праз заступніцтва якіх мы просім Бога аб святасці сем’яў.

Калектыў часопіса «Ave Maria» разам з вернікамі выказвае словы падзякі і віншавання шаноўным біскупам і святарам, якія адзначаюць гэтым летам юбілей святарства.

Ім прысвечаныя паэтычныя віншаванні на старонках часопіса.

Не менш цікавым для чытача стане і летні нумар часопіса «Наша вера», у якім змешчаны матэрыялы мастацтвазнаўцаў, гісторыкаў, тэолагаў, мастакоў і пісьменнікаў.

Частка матэрыялаў нумару прысвечана асобе св. Яна Паўла ІІ. Яны пачынаюцца вершам Ірыны Багдановіч «Моліцца Папа…», напісаным аўтаркаю каля карцінаў выдатных беларускіх мастакоў Сяргея Шэмета і Алеся Марачкіна.

Далей друкуюцца: ліст папы Бэнэдыкта XVI «Да 100-годдзя з дня нараджэння святога папы Яна Паўла ІІ»; урыўкі з асабістых нататак Караля Вайтылы пад загалоўкам «Нішто нас не павінна палохаць…» у перакладзе Крыстыны Лялько і біблійнае разважанне з Янам Паўлам ІІ кс. Вальдэмара Храстоўскага — «Месца запаведзі „Шануй бацьку свайго і маці сваю“ ў Дэкалогу» ў перакладзе Марыны Пашук.

Тут жа змешчаны вершаваны трыпціх «Айчына» Ірыны Багдановіч і аўтарскае пасляслоўе да карціны «Я прашу вас, не згубіце Беларусь» мастака Алеся Марачкіна, твор якога друкуецца на вокладках часопіса.

550-годдзю аб’яўлення цудоўнага абраза Маці Божай Жыровіцкай прысвечана публікацыя Ірыны Багдановіч «Старонка рэлігійнай гісторыі Беларусі».

У ёй аўтарка прэзентуе працу гісторыка Валяр’яна Харкевіча (1890–1950) «Жыравіцы — ласкаў крыніцы…» у сваім перакладзе з польскай мовы.

Да 70-годдзя Беларускай праграмы Ватыканскага радыё друкуецца працяг нататкаў «Шляхам дзіваў і ўражанняў» (1934 г.) кс. Пятра Татарыновіча, які быў заснавальнікам гэтай праграмы.

Увазе чытачоў прапануецца ўрывак з дакументальнай аповесці вядомага беларускага паэта Леаніда Дранько-Майсюка «Усе бачылі нястачу віна…» (2020), прысвечанай выбітнаму беларускаму святару Адаму Станкевічу, тут жа друкуецца рэцэнзія на гэтую кнігу літаратуразнаўцы Ірыны Багдановіч.

У рубрыцы «Паэзія» публікуюцца вершы вядомых паэтаў Яна Чыквіна і Аксаны Данільчык.

Пісьменніца Алена Сямёнава-Герцаг працягвае знаёміць чытачоў з творчасцю нямецкага празаіка Георга Освальда Котта — гэтым разам яна пераклала на беларускую мову яго твор «Як з’явіўся Браўншвайгскі леў».

Уладзімір Сіўчыкаў друкуе свае новыя аўтабіяграфічныя нататкі пад назваю «Падымі мяне ў светлы абшар…».

Адной з найстарэйшых каталіцкіх святыняў прысвечаны артыкул гісторыка Святланы Адамовіч «Касцёл Святой Тройцы ў Радашковічах».

У рубрыцы «Мастацтва» друкуецца эсэ вядомага беларускага рэстаўратара Аркадзя Шпунта «Крывічы і ваколіцы».

Набыць часопісы можна:

  • у парафіяльных кіёсках і ў пробашчаў парафій;
  • альбо звяртайцеся ў рэдакцыю па тэл. +375 (17) 356 17 50
Абноўлена 05.08.2020 13:56
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.