Пошук

03.08.2020 11:35   Тэкст: Зміцер Лупач / Фота: Леанід Юрык, Марына Сінкевіч / Сatholicnews.by

1 жніўня ў санктуарыі Віцебскай дыяцэзіі ў Росіцы адбылася ўрачыстасць у гонар святароў мучанікаў, якія аддалі жыццё разам са сваімі парафіянамі падчас Другой сусветнай вайны.

Як адзначаецца на партале Сatholicnews.by, дзе можна паглядзець вялікі фотарэпартаж з Росіцы, сёлета з-за пандэміі каранавірусу ўрачыстасць прайшла ў скарочаным фармаце.

Яна распачалася з адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту. У малітоўнай цішыні ўсе жадаючыя маглі прыступіць да споведзі на адкрытым паветры. Тым часам у касцёле адбывалася ружанцовая малітва, у якой разам з вернікамі ўзяў удзел і біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.

Апоўдні адбылася святая Імша. На пачатку цэлебрацыі ксёндз Чэслаў Курэчка МІС, пробашч парафіі Святой Тройцы ў Росіцы, прывітаў усіх прысутных удзельнікаў.

«Мы хваляваліся, што сёлетнія ўрачыстасці з-за пандэміі будзем адзначаць у вузкім коле святароў. Але вы малайцы: не пабаяліся і прыбылі ў Росіцу.

Як росіцкія мучанікі ў свой час не пабаяліся паказаць прыклад веры, так і вы не пабаяліся сёння прыехаць», — адзначыў айцец Чэслаў.

Касцёл ва ўмовах пандэміі не арганізоўваў у гэтым годзе пілігрымак, але і не забараняў індывідуальныя. Айцец Чэслаў прывітаў пяцёх пілігрымаў з Наваполацка, якія прыехалі ў Росіцу на роварах, а таксама некалькіх пешых пілігрымаў, якія прыйшлі з Полацка. Сярод іх быў і ксёндз Ілля Саўчанка з Оршы, які зусім нядаўна прыняў святарскае пасвячэнне.

Глыбачанін Генадзь Бервячонак у адзіноце прайшоў шлях у 264 км з Барысава. Дарэчы, гэта ўжо другая яго самастойная пешая пілігрымка ў гэтым годзе: месяц таму ён пешшу прайшоў з Росіцы ў Будслаў.

На росіцкую ўрачыстасць сабралося больш за дзве сотні вернікаў, якія прыехалі з розных парафій Віцебскай дыяцэзіі, былі таксама пілігрымы з іншых дыяцэзій Беларусі, святары і сёстры законныя.

Літургію сваім спевам упрыгожыў хор з мёрскай парафіі.

Біскуп Алег Буткевіч напачатку прывітаў усіх вернікаў, падзякаваў ім за прысутнасць. «Няхай заступніцтва Божай Маці нам усім дапаможа!» — дадаў іерарх.

У сваёй гаміліі ён звярнуў увагу на каштоўнасць чалавечага жыцця, якая тут, у Росіцы, была так жорстка растаптаная.

«Прайшло не так шмат часу, крыху больш за семдзесят гадоў, і падлога святыні яшчэ памятае слёзы і малітвы тых людзей, што сталіся ахвярамі несправядлівасці, учыненай нацыстамі», — нагадаў іерарх.

«З гэтага месца людзі выходзілі на спатканне з Панам, — падкрэсліў біскуп. — Мы таксама ва ўсіх жыццёвых цяжкасцях павінны спадзявацца на Бога».

«Прыклад росіцкіх пакутнікаў можа быць нашай падтрымкай. Будзьма годнымі іх мужнага вызнання сваёй веры!» — заклікаў пастыр.

Пасля заканчэння Імшы адбылася працэсія да месца мучаніцкай смерці айцоў Антонія Ляшчэвіча і Юрыя Кашыры. Яны прынялі мучаніцкую смерць разам са сваімі вернікамі, хоць маглі пазбегнуць гэтага. Карнікі прапаноўвалі захаваць ім жыццё, але святары да канца падзялілі лёс сваіх парафіянаў.

Мясцовыя вернікі разам з пілігрымамі памаліліся за душы замучаных тут людзей, пасля чаго біскуп Алег Буткевіч звярнуўся да прысутных з кароткім словам.

«Тут была ўчынена несправядлівасць у яе найгоршай праяве: забойства нявінных людзей. Але мы прыходзім сюды не з нянавісцю, а каб навучыцца прабачаць», — сцвердзіў іерарх.

Напрыканцы святары і вернікі ўшанавалі крыж, усталяваны на месцы мучаніцкай смерці жыхароў Росіцы, і запалілі пры ім знічы на знак памяці.

Абноўлена 03.08.2020 12:13
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа