Пошук

03.08.2020 10:35   Тэкст і фота: кс. Юрый Марціновіч / Grodnensis.by

31 ліпеня ў Батароўскім лесе каля Навагрудка, дзе 77 гадоў таму былі расстраляныя адзінаццаць законніц з Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта, сабраліся на малітве вернікі.

Як паведамляе партал Grodnensis.by, ушанаваць памяць гэтых сведкаў Хрыста, якія ў часы Другой сусветнай вайны ахвяравалі сваё жыццё за іншых, і вучыцца ў іх адважна ісці праз жыццё прыбылі нешматлікія ў сувязі з эпідэміяй пілігрымы, у індывідуальным парадку, некаторыя на роварах, а некаторыя пешкі.

Прысутныя дзякавалі Богу за дар благаслаўлёных мучаніц для Касцёла на Гродзеншчыне і Касцёла на Беларусі.

Праз іх заступніцтва ўдзельнікі Імшы прасілі Пана аб ласцы глыбокай, моцнай веры, адвагі, сапраўднай любові да Яго і бліжніх для сябе, сваіх сем’яў і супольнасцяў.

Акрамя таго, маліліся за нашу краіну, каб у ёй працягвалі панаваць мір і згода, узаемная павага і разуменне, шанаванне супольнага дабра і клопат пра будучыя пакаленні. Маліліся таксама аб беатыфікацыі сястры Малгажаты Банась — дванаццатай назарэтанкі з Навагрудка, якая пазбегла мучаніцкай смерці.

Цэлебрацыю Эўхарыстыі ўзначаліў Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі.

Смерць адзінаццаці назарэтанак была ахвярай, прынесенай з любові да бліжняга. Неспасцігальная любоў жыла ў сэрцах сясцёр, якія двойчы на малітве прасілі Бога аб смерці ўзамен за іншых людзей: за 120 арыштаваных гестапа жыхароў Навагрудка і ваколіц, а таксама аднаго святара ў гэтым месцы, кс. капэлана Аляксандра Зянкевіча.

Гэтая незвычайная ахвяра была дасканалым увянчаннем і дапаўненнем той любові да Бога і людзей, выраз якой давалі сёстры ў сваім штодзённым жыцці дагэтуль і ў служэнні ў Навагрудку.

Пасля Імшы прысутныя мелі магчымасць у цішыні маліцца на каленях на зямлі, акропленай крывёю мучаніц, якія аддалі сваё жыццё за братоў.

Абноўлена 03.08.2020 18:06
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця