Пошук

28.07.2020 18:18   Паводле: кс. Юрый Марціновіч / Grodnensis.by

27 ліпеня ў касцёле Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гродне адбылася святая Імша ў інтэнцыі ксяндза прэлата Юзафа Трубовіча ў 30-ы дзень пасля смерці.

Як паведамляе партал Grodnensis.by, на малітве прысутнічалі Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі, святары, сёстры законныя і вернікі. Узначаліў цэлебрацыю біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

Гамілію прамовіў кс. Аляксандр Сямінскі, адзін з выхаванцаў ксяндза Юзафа Трубовіча. Ён паразважаў у ёй над сутнасцю святарства, а таксама ўзгадаў, якім быў спачылы.

Ксёндз Аляксандр падкрэсліў, што «святары — гэта каналы Божай міласэрнасці, Божай ласкі і любові» і што «Бог праз святара пастаянна аднаўляе чалавека і гэты свет, ведучы яго да канчатковай мэты».

Па словах кс. Сямінскага, многіх святароў можна назваць «мужамі Божымі, мужамі справядлівымі і святымі, якія праз сваё служэнне прычыняюцца да пашырэння на зямлі Божага Валадарства, каб працягваў існаваць святы ланцуг міласэрнасці, які чэрпае моц са збаўчай справы Хрыста».

Як дадаў святар, да гэтага ланцугу міласэрнасці, людзей святых і сумленных належаў памерлы месяц таму кс. прэлат Юзаф, пакліканне якога развівалася ў вельмі цяжкі для Касцёла ў нашай краіне і ўсім свеце час.

Прысутныя маліліся таксама аб новых пакліканнях да святарства, што было вельмі важна для ксяндза Трубовіча, які жадаў, каб на нашай зямлі ніколі не было недахопу ў тых, хто абвяшчае Божае слова.

Пасля Імшы ўдзельнікі накіраваліся да магілы ксяндза прэлата, якая знаходзіцца побач са святыняй, каб супольна памаліцца «Анёл Панскі» за збаўленне яго душы.

Ксёндз прэлат Юзаф Трубовіч нарадзіўся на Віцебшчыне ў вёсцы Невярышкі 6 студзеня 1926 г. у сям’і Баляслава і Генавэфы Трубовічаў. Яго бацька быў шаўцом, маці — хатняй гаспадыняй.

Пакліканне да святарства адкрыў яшчэ ў дзяцінстве. Скончыў Вышэйшую духоўную семінарыю ў Рызе, там жа атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне з рук біскупа Казіміра Дульбінскага 30 верасня 1956 г.

Пасля пасвячэння 20 гадоў служыў у Латвіі. У Беларусь прыехаў у 1977 г. Па просьбе вернікаў Гродна распачаў служэнне ў гродзенскай парафіі Маці Божай Анёльскай.

У 1988-1992 гг. быў прэфектам Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Рызе, наступныя сем гадоў — пробашчам катэдральнай парафіі святога Францішка Ксавэрыя ў Гродне.

Пасля чатырох гадоў працы ў семінарыі вярнуўся ў Гродна, дзе стаў пробашчам катэдральнай парафіі. У 1999 г. быў скіраваны ў парафію ў Каменцы, дзе непрацяглы час спаўняў абавязкі пробашча.

23 снежня 1999 г. прыбыў у гродзенскую парафію Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, дзе быў рэзідэнтам да самай смерці. Адышоў у жыццё вечнае 26 чэрвеня.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.