Пошук

28.07.2020 17:20   Паводле: кс. Анджэй Бурак / Grodnensis.by

26 ліпеня ў парафіі святых Сымона і Юды Тадэвуша ў Лаздунах на Івейшчыне святкавалі ўрачыстасць святых Яўхіма і Ганны, бацькоў Найсвяцейшай Панны Марыі. Абраз святой Ганны знаходзіцца ў лаздунскім касцёле і ўшаноўваецца вернікамі.

Як паведамляе партал Grodnensis.by, госцем адпустовай урачыстасці быў ксёндз Анджэй Ганчар, місіянер Гродзенскай дыяцэзіі. Пробашч парафіі ксёндз Анджэй Бурак запрасіў яго невыпадкова, таму што абодва святары ведаюць адзін аднаго даўно і паходзяць з парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе.

На пачатку святой Імшы пробашч зазначыў, што той, хто жыве ў іншай мясцовасці і ў гэты дзень прыехаў у сваю родную парафію, не з’яўляецца госцем. Дзверы роднага касцёла заўсёды адчынены для кожнага.

Падчас Імшы ксёндз-місіянер маліўся ў інтэнцыі ўсёй лаздунскай парафіі, пробашч — аб хутчэйшым спыненні пандэміі каранавірусу ва ўсім свеце, за ўсю службу аховы здароўя, за дабрадзеяў, усіх людзей добрай волі і імяніннікаў гэтага дня.

Паколькі святая Ганна — маці Найсвяцейшай Панны Марыі, асноўная частка гаміліі кс. Анджэя Ганчара была прысвечана маме, самаму дарагому чалавеку, да якога можна звярнуцца ў любую хвіліну жыцця.

Святар заахвоціў удзельнікаў урачыстасці шанаваць бацькоў, бабуляў і дзядуляў і ахінуць іх малітвай.

Таксама кс. Анджэй Ганчар распавёў пра сваё служэнне на місіях у Казахстане і Камеруне, падзяліўся цікавымі звесткамі з жыцця ў гэтых краінах. Напрыканцы верасня святар плануе працягнуць місіянерскае служэнне, на гэты раз у Цэнтральнай Афрыканскай Рэспубліцы.

На заканчэнне Эўхарыстыі ксёндз Анджэй Ганчар падзякаваў за запрашэнне і сказаў, што лаздунская парафія назаўсёды застанецца ў яго сэрцы. Таксама ён папрасіў аб малітве, каб яго місіянерскае служэнне прынесла добры плён.

Імша завяршылася перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнтам літаніяй да Маці Божай, актам штодзённага аддання св. Юду Тадэвушу і суплікацыяй «Святы Божа».

Адбылося таксама благаслаўленне ўсіх механічных сродкаў руху.

Падчас благаслаўлення пробашч знайшоў хвілінку, каб крыху паразмаўляць з кожным уладальнікам сродкаў руху.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця