25 ліпеня адзначаецца Дзень пажарнай службы Беларусі. Раніцай 24 ліпеня па ініцыятыве супрацоўнікаў Івейскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях адбылася святая Імша ў касцёле святых апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі.
Як паведамляе партал Grodnensis.by, на Эўхарыстыі маліліся за ўвесь калектыў пажарнай службы, а таксама за тых, хто аддаваў сваё жыццё службе і ратунку людзей.
Прысутнічалі пажарнікі не толькі з Іўя, але і з усяго раёна. Пробашч парафіі кс. Ян Гавецкі выказаў ім падзяку за штодзённую адданую службу і прысвячэнне сябе нашаму грамадству.
Калектыў Івейскага РАНС не першы раз збіраецца ў святыні.
Штогод пажарнікі ўдзельнічаюць у супольнай малітве ва ўспамін свайго апекуна святога Фларыяна.
Таксама яны заўсёды адгукаюцца на просьбу аб дапамозе ў добраўпарадкаванні касцёла і арганізацыі розных мерапрыемстваў.
Дзень пажарнай службы Беларусі заснаваны ўказам кіраўніка дзяржавы ў 1998 г. Выбар афіцыйнай даты свята не выпадковы, бо 25 ліпеня ў 1853 годзе па рашэнні Мінскага губернскага праўлення і Мінскай гарадской думы была заснавана пажарная ахова ў Мінску. З гэтага моманту пачынаецца гісторыя пажарнай службы ў нашай краіне.