Пошук

22.07.2020 16:46   Catholic.by
Ілюстрацыйнае фота: Нrodna.life

Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч звяртаецца да турыстаў з просьбай пры наведванні месцаў культу адносіцца з пашанай да іх сакральнага характару і захоўваць адпаведныя нормы паводзінаў.

У сезон летніх адпачынкаў значна павялічылася колькасць турыстаў у каталіцкіх святынях, многія з якіх з’яўляюцца помнікамі архітэктуры і гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі.

У сувязі з гэтым арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч кіруе асаблівы зварот да святароў, экскурсаводаў і турыстаў, нагадваючы пра неабходнасць захавання пэўных правілаў пры наведванні касцёлаў і іншых месцаў культу.

Кіраўнік беларускага каталіцкага епіскапату нагадвае, што забаронена:

  • правядзенне экскурсій у святынях падчас набажэнстваў і малітвы;
  • уваход у святыні ў неадпаведным адзенні (з адкрытымі плячыма, у шортах і міні-спадніцах), а для мужчын таксама ў галаўных уборах;
  • спажыванне ў месцах культу любой ежы, у тым ліку марозіва, цукерак і жуек, а таксама напоеў;
  • уваход у месцы культу з жывёламі.

Пры наведванні касцёлаў і іншых месцаў культу неабходна адключыць мабільныя тэлефоны і захоўваць цішыню. Ва ўмовах складанай эпідэміялагічнай сітуацыі настойліва рэкамендуецца выкарыстоўваць індывідуальныя ахоўныя і дэзінфекцыйныя сродкі, а таксама захоўваць сацыяльную дыстанцыю.

Старшыня ККББ просіць святароў паклапаціцца пра тое, каб усе, хто наведвае касцёлы і капліцы, з пашанаю адносіліся да сакральнага характару месцаў культу.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч звяртаецца таксама да ўсіх, хто наведвае касцёлы ў турыстычных мэтах:

«Дарагія браты і сёстры, мы радуемся, што вы падчас летніх адпачынкаў прыходзіце ў нашыя святыні: велічныя катэдры і сціплыя вясковыя касцёлы. Аглядаючы прыгажосць архітэктуры, абразоў і скульптур, памятайце, што кожны касцёл і капліца — гэта перадусім Дом Божы і месца Божага культу.

Кожны раз, калі вашыя паводзіны або знешні выгляд не адпавядаюць сакральнаму характару гэтых святых месцаў, Езус Хрыстус звяртаецца да нас з заўвагай, як некалі да сваіх суайчыннікаў у Ерузалемскай святыні: „Не рабіце дом Айца Майго домам гандлю“ (Ян 2, 16).

Жадаю вам прыемных уражанняў, і няхай у цішыні Божага Дома вашыя душы ўзвысяцца і напоўняцца дабром і хараством, крыніцай якіх з’яўляецца Творца ўсяго існага — Бог».

Абноўлена 22.07.2020 16:47
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа