Пошук

22.07.2020 11:11   Паводле: кс. Юрый Марціновіч / Grodnensis.by

19 ліпеня ў парафіі Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Парэччы група моладзі прыняла сакрамэнт канфірмацыі, які ўдзяліў падчас урачыстай Імшы біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

Як паведамляе партал Grodnensis.by, большасць з гэтых маладых людзей у хуткім часе выедзе на вучобу, таму перад гэтым яны былі ўмацаваны сямю дарамі Духа Святога, каб мужна вызнаваць і бараніць веру і паступаць паводле яе прынцыпаў.

З-за эпідэміі каранавірусу ўрачыстасць адбылася з захаваннем усіх сродкаў бяспекі, а да ўдзелу ў Імшы былі запрошаны толькі сведкі канфірмацыі і бацькі кандыдатаў да прыняцця сакрамэнту хрысціянскай сталасці.

Усіх прысутных у святыні прывітаў пробашч парафіі кс. Павел Урбан, які звярнуўся да іерарха з просьбай аб удзяленні сакрамэнту, запэўніўшы, што ўсе кандыдаты падрыхтаваліся да канфірмацыі, удзельнічалі на працягу некалькі дзён у слуханні Божага слова і супольнай малітве і прыступілі да споведзі.

У гаміліі біскуп падкрэсліў важнасць сакрамэнту канфірмацыі.

Іерарх адзначыў, што гэты сакрамэнт мацней яднае нас з Хрыстом, памнажае дары Духа Святога і ўдасканальвае нашу сувязь з Касцёлам.

Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне дадаў, што сакрамэнт канфірмацыі дае людзям, як сапраўдным сведкам Хрыста, асаблівую моц Духа Святога, каб пашыраць і бараніць веру словам і ўчынкам, мужна вызнаваць імя Езуса і ніколі не саромецца Крыжа.

Звяртаючыся да маладых людзей, якія прымалі ў гэты дзень сакрамэнт, біскуп папрасіў іх быць праўдзівымі сведкамі Езуса ў сваім асяроддзі, а асабліва ў месцах, дзе яны ў хуткім часе будуць вучыцца.

Іерарх падкрэсліў, што моладзі належыць час і ад яе залежыць будучыня нашага Касцёла і краіны, у якой мы з ласкі Бога жывем.

На заканчэнне Імшы біскуп выказаў удзячнасць бацькам маладых людзей за рэлігійнае выхаванне сваіх дзяцей, а таксама катэхетам, якія рыхтавалі іх да гэтай падзеі. Затым ён удзяліў пастырскае благаслаўленне ўсім прысутным, каб быць сведкамі Хрыста і Яго Евангелля.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.