Увечары ў нядзелю 30 верасня ў парафіі Адшукання Святога Крыжа ў Гродне ўшанавалі памяць ксяндза інфулата Міхала Арановіча, шматгадовага пробашча, які служыў вернікам у часы савецкага пераследу веры, некалькі гадоў быў адзіным святаром у Гродне і адышоў у вечнасць 35 гадоў таму.
Спачатку святары, кансэкраваныя асобы і вернікі сабраліся на старых каталіцкіх могілках у Гродне, каля магілы спачылага святара, каб памаліцца за яго на месцы пахавання.
Затым у парафіяльным касцёле (пабернардынскім) прайшла святая Імша, якую ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Старшыня ККББ. Разам з ім канцэлебравалі Эўхарыстыю біскуп эмэрыт Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч і каля 20-і святароў, пераважна з суседніх парафій і Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі. Духоўна злучаліся з імі біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй і арцыбіскуп эмэрыт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч. Супольна маліліся таксама семінарысты, міністранты, кансэкраваныя асобы і шматлікія вернікі.
Напачатку пробашч парафіі ксёндз канонік Ян Пузына, вітаючы прысутных, адзначыў, што такой колькасці вернікаў ён не спадзяваўся. Ён прызнаўся, што шмат каго з іх бачыць у касцёле другі раз. Гэта, па яго словах, выраз трывалай малітоўнай памяці гродзенскіх католікаў пра таго, хто ў нялёгкія для Касцёла часы большую частку свайго святарскага служэння аддаў гораду над Нёманам.
Гамілію арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, які быў запрошаны на Імшу, аднак па прычыне хваробы і нядаўна перанесенай аперацыі не змог прысутнічаць фізічна, прачытаў яго сакратар ксёндз Павел Эйсмант.
Іерарх, разважаючы над Божым словам на XXII Звычайную нядзелю, падкрэсліў, што апостал Пётр, які першы з вучняў назваў свайго Настаўніка Месіяй, аказаў супраціўленне Божаму плану збаўлення. Ён не мог прыняць, што Месія павінен цярпець і будзе забіты, бо гэта нішчыла яго вобраз Месіі ― палітычнага кіраўніка Ізраэля, пры якім яму будзе добра.
«Няма кароны без крыжа»,
― заўважыў арцыпастыр, маючы на ўвазе карону збаўленых у Божым Валадарстве і нагадаў лацінскую прыказку Per aspera ad astra ― «Праз церні ― да зорак».
Далей арцыбіскуп назваў «тры ўмовы, каб быць сапраўдным хрысціянінам»:
- адрачыся ад сябе, ставячы на першае месца ў жыцці Бога;
- узяць свой крыж, наследуючы пакорлівасць Езуса Хрыста;
- ісці за Хрыстом, бо гэта адзіны шлях да збаўлення.
Пераходзячы да постаці ксяндза Міхала Арановіча, арцыпастыр распачаў ад гісторыі яго паклікання да святарскага служэння. Ён нарадзіўся ў 1907 годзе на тэрыторыі сённяшняй Драгічынскай дыяцэзіі ў Польшчы. Пасля заканчэння школы ён хацеў паступіць вучыцца на лекара, аднак яго планы змянілі словы з Кнігі Эклезіяста, якія ён прачытаў на адной з магіл на могілках на Росе ў Вільні: «Марнасць марнасцяў і ўсё марнасць (пар. Экл 1, 1) акрамя любові да Бога і служэння Яму адзінаму. Вось найвышэйшая мудрасць ― імкнуцца да Божага Валадарства, пагарджаючы светам». Пад уплывам гэтых слоў у 1926 годзе ён паступіў у Вышэйшую духоўную семінарыю ў Вільні. У 1932 годзе прыняў святарскае пасвячэнне з рук арцыбіскупа Віленскага Рамуальда Ялбжыкоўскага.
Іерарх з прадчувальным хваляваннем апісваў далейшы лёс маладога святара. Калі ў 1948 годзе ксёндз Міхал быў прызначаны капеланам сясцёр назарэтанак у Гродне, ён з вялікім жалем перанёс Найсвяцейшы Сакрамэнт з пабрыгідскага касцёла Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі, які ўлады канфіскавалі, у пабернардынскі касцёл Адшукання Святога Крыжа, дзе ён быў прызначаны вікарыем. У 1951 годзе быў арыштаваны і вывезены на прымусовыя працы ў Кемераўскую вобласць РСФСР. Ён даў Богу абяцанне, што, калі выжыве, будзе захоўваць пост па серадах, пятніцах і суботах. Пра выкананне гэтага абяцання сведчыць сам арцыбіскуп Кандрусевіч.
У 1954 годзе вярнуўся ў Гродна і да сваёй смерці быў пробашчам у пабернардынскім касцёле, дэканам Гродзенскім і Генеральным вікарыем Віленскай архідыяцэзіі на тэрыторыю Гродзенскай вобласці. Некалькі разоў у год ён меў права цэлебраваць Эўхарыстыю ў Фарным касцёле (сёння ― Катэдральная базыліка святога Францішка Ксавэрыя), у якім на той момант не было святара. Пасля смерці айца Аркадзія Вальтася OFMConv, пробашча парафіі Маці Божай Анёльскай у Гродне, ксёндз Арановіч з 1975 па 1978 гады быў адзіным у Гродне і ваколіцах святаром.
У час, калі святароў станавілася ўсё менш па натуральных прычынах, а маладых прыбывала няшмат па прычыне пераследу веры, ксяндза Міхала вельмі хвалявала справа новых святарскіх пакліканняў. Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч прызнаўся, што і яго думкі пра пакліканне да святарскага служэння распачаліся дзякуючы ксяндзу Арановічу, які, раней ведаючы на той час маладога і здольнага інжынера, які падаваў вялікія надзеі ў сваёй сферы, запытаўся ў яго, ці не хоча паступіць у семінарыю. Затым, праз шмат гадоў, калі гэты малады чалавек стаў святаром, а потым і біскупам, ён быў ім запрошаны ў склад прыёмнай камісіі на першы курс новай гродзенскай Вышэйшай духоўнай семінарыі. Калі біскуп прыехаў у касцёл, убачыў, што ксёндз Міхал плача. Як потым растлумачыў сам святар, гэты былі слёзы радасці з таго, што ён яшчэ на ранішняй Імшы ў касцёле пабачыў кандыдатаў у семінарыю. Ксёндз Арановіч, які моцна хваляваўся з-за таго, што пасля яго смерці ў яго і іншых парафіях не будзе святароў, супакоіўся і вельмі ўзрадаваўся.
З 59 гадоў святарскага служэння цэлых 40 гадоў ксёндз Міхал Арановіч прысвяціў гораду Гродна. За яго вернасць Хрысту ў нялёгкія часы і адданае служэнне Богу і Касцёлу святы папа Ян Павел ІІ у 1979 годзе адзначыў яго тытулам папскага прэлата, а ў 1990 годзе – апостальскага протанатарыя (інфулата).
«Святой памяці ксёндз Міхал Арановіч (…) быў нязломным змагаром за веру і правы вернікаў. Сваёй актыўнай і вернай працай для Касцёла ён стаў сімвалам веры і яе святла ў цемры атэізму»,
― такую характарыстыку даў яму арцыбіскуп Кандрусевіч.
Сваю гамілію іерарх завяршыў наступным заклікам: «Міласэрны Божа, выслухай нашыя малітвы ў інтэнцыі гэтага руплівага і заслужанага для Касцёла святара. Адары яго радасцю жыцця вечнага, каб ён заступаўся за нас перад Богам і благаславіў нас з дому Нябеснага Айца».
На завяршэнне літургіі біскупы і святары падышлі да вялікага па памерах фотаздымка памерлага ксяндза Міхала Арановіча і разам з законнымі сёстрамі і вернікамі ўзнеслі малітву аб вечнай узнагародзе для былога пробашча гродзенскай пабернардынскай парафіі.





























































