Пошук

22.07.2020 11:35   Catholic.by

21 ліпеня ў мінскай архікатэдры Найсвяцейшага Імя Марыі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч маліўся ў інтэнцыі святой памяці кардынала Казіміра Свёнтка ў дзявятую гадавіну яго смерці.

У гаміліі, разважаючы над фрагментам Евангелля на гэты дзень, у якім Езус называе сваіх вучняў сваімі братамі і сёстрамі і нават Маці, арцыбіскуп адзначыў, што ўсе ахрышчаныя утвараюць адну Божую сям’ю. Па словах іерарха, Бог — гэта наш Нябесны Айцец, і калі мы, ахрышчаныя, з’яўляемся Божымі дзецьмі, то з’яўляемся Яго сынамі і дочкамі, братамі і сёстрамі.

Дзякуючы сакрамэнту хросту мы сталі членамі адной Божай сям’і і носім імя «хрысціянін».

Будучы членамі хрысціянскай сям’і, мы пакліканы выконваць Божую волю і любіць аднаго, як браты і сёстры, дадаў арцыпастыр.

У той жа час, заўважыў ён, мы ведаем, што жыццё ў любові нават з братамі і сёстрамі не з’яўляецца простай справай. Рэцэпт дае святы апостал Ян, які кажа, што калі мы ходзім у святле Хрыста, то маем еднасць паміж сабой.

Арцыбіскуп падкрэсліў, што святло Хрыста — гэта жыццё паводле Яго вучэння, а яго развіццю спрыяе малітва, удзел у святой Імшы, калі мы сапраўды становімся адной сям’ёй, просім прабачэння адзін у аднаго, разам называем Бога нашым Айцом, у святой Камуніі сілкуемся ад аднаго Эўхарыстычнага стала, каб у Хрысце станавіцца адным Целам і адным Духам.

Гэтай праўдзе вучыў нас і ўсіх, каго спаткаў у сваім доўгім і нялёгкім жыцці, святой памяці кардынал Казімір Свёнтэк, адзначыў пастыр архідыяцэзіі.

Змяняліся сацыяльна-палітычныя ўмовы яго жыцця, але не змянялася Божая праўда, якую ён абвяшчаў і прыкладам свайго жыцця паказваў нам, заўважыў арцыбіскуп. Так было, калі ён быў на свабодзе; так было, калі некалькі разоў ён быў у вязніцы і калі смерць зазірала яму ў вочы; так было, калі ён дачакаўся часоў свабоды і неабходна было ўзначаліць Касцёл на Беларусі, каб пасля трох пакаленняў ганенняў яго адраджаць, дадаў іерарх.

Сёння, па словах Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага, мы з удзячнасцю ўспамінаем гэтага жывога мучаніка і сведку веры, які ніколі не губляў надзеі, бо моцна верыў у Бога і Яго моц, у тое, што Ён знойдзе адпаведнае рашэнне ў адпаведны час.

Гэтым самым, адзначыў арцыбіскуп, кардынал Свёнтэк не толькі адраджаў і будаваў Касцёл з яго структурамі, а найперш будаваў яго як хрысціянскую сям’ю, у якой Бог з’яўляецца нашым Айцом, Марыя — нашай Маці, а мы ўсе — братамі і сёстрамі.

Іерарх пажадаў, каб добры і міласэрны Бог аддзячыў кардыналу за вернасць Яму і ахвярнае служэнне Касцёлу радасцю вечнага шчасця ў небе.

Абноўлена 22.07.2020 11:37
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця