Пошук


Апоўначы 19 ліпеня ў Гудагаі працэсіяй святла з паходнямі і цудадзейным абразом Маці Божай Шкаплернай распачалася ўрачыстая святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.

Разам з ім Эўхарыстыю цэлебравалі біскуп Казімір Велікаселец, біскуп Юрый Касабуцкі, айцы кармэліты, якія апякуюцца гудагайскім санктуарыем, а таксама святары з розных дыяцэзій Беларусі.

«Мы збіраемся з вамі ў незвычайны час, нялёгкі час, выключны час са шмат якіх пунктаў гледжання. І гэтае месца, на якім збіраемся, і тая сітуацыя, якую перажываем, — усё гэта схіляе нас да пэўнай рэфлексіі, разважання над тым, чым ёсць нашая вера, якая ёсць нашая вера», — вызначыў на пачатку гаміліі яе асноўную тэму пастыр Касцёла на Віцебшчыне. Ён дадаў, што хоць Марыя праяўляе сябе праз сваё заступніцтва і дапамогу вернікам ва ўсім свеце, аднак гэтае месца, якім з’яўляецца санктуарый Маці Божай Шкаплернай у Гудагаі, — асаблівае. Іерарх зазначыў яго сувязь з біблейскімі падзеямі, калі прарок Ілля на гары Кармэль давёў народу, што Пан Бог — гэта адзіны Бог, у якога трэба верыць і якому належыць пакланяцца.

«Тое, што адбылося шмат стагоддзяў таму, актуальна і сёння. Сёння мы таксама павінны вяртацца да гэтага пытання, кім ёсць Бог, у якога мы з вамі верым. І другое пытанне: наколькі мы ў Яго верым», — прапанаваў паразважаць біскуп Алег.

Ён нагадаў гісторыю з’яўлення шкаплеру — элементу адзення, які мае асаблівае духоўнае значэнне. Іерарх звярнуў увагу на тое, што, калі манахі кармэліты носяць шкаплер паверх сваёй манаскай вопраткі, то іншыя людзі носяць яго пад адзеннем, непасрэдна на целе.

Біскуп прызнаўся, што таксама носіць шкаплер, які бліжэйшы да цела, «чым уласная кашуля».

Ён патлумачыў, што абяцанне збаўлення, звязанае з нашэннем шкаплеру, здзяйсняецца дзякуючы Божай ласцы і залежыць ад веры чалавека, якая робіць яго ў кожны момант жыцця блізкім да Бога. Іерарх падкрэсліў, што менавіта такая вера, а не сам шкаплер, ратуе чалавека.

«Як жа часта вера — толькі дадатак да нашага жыцця. Важны, каштоўны, найважнейшы дар асабліва ў гэтыя цяжкія часы, калі мы шукаем паратунку, вера сапраўды вельмі моцна вырастае, але часта застаецца толькі дадаткам да нашага жыцця», — адзначыў біскуп Алег і прапанаваў удзельнікам урачыстасці задумацца над сваёю вераю, узяўшы за прыклад веру Божай Маці. Ён заўважыў, што Яе вера заўсёды суадносілася з Божай воляй і не пахіснулася нават тады, калі Божая воля не супадала з Яе ўласнымі пажаданнямі. Нярэдка так здараецца, што людзі расчароўваюцца, калі Бог «не выслухоўвае» іх просьбаў і не дае таго, аб чым чалавек Яго моліць.

«Раз, другі, і вера пачынае ў нас затухаць. Чаму? Бо гэта — толькі дадатак. <…>

І вось тады, калі вера — толькі дадатак, вельмі часта жыццё чалавека не знаходзіць трывалай асновы. Сёння мы з вамі гэта добра бачым. Пра гэта сведчаць, на жаль, шматлікія суіцыды і, што найбольш крыўдна, сярод маладых людзей, якія шукаюць у гэтым свеце дабра, шукаюць шчасця, але не могуць знайсці. Чаму? Таму што не маюць сапраўднага фундаменту, на якім чалавек павінен абапіраць сваё жыццё. <…>

Таму мы ў такіх месцах у нашай малітве, у нашым звароце да Бога павінны няспынна прасіць гэтай ласкі, каб Ён сам, незалежна ад таго, што мы перажываем у нашым жыцці, быў гэтым сапраўдным каменем, скалою, на якой мы будуем нашае жыццё, каб жыццё з усім тым, што ў ім адбываецца, было дадаткам да нашай веры. Трэба добра разумець гэтыя словы.

Не выкананне нейкіх рэлігійных абрадаў, захаванне традыцый — не. Вера — гэта падтрыманне адносін, стасункаў, сувязі з Богам. Гэта і ёсць найважнейшае», — заахвоціў біскуп Буткевіч.

Ён нагадаў, што зямное жыццё рана ці позна скончыцца і што культ мучанікаў, які існуе ў хрысціянстве, сведчыць пра тое, якім чынам чалавек павінен адносіцца да свайго жыцця ў святле веры.

«Мы павінны быць паслухмянымі дзецьмі Божымі, і прыкладам у гэтым нам служыць Найсвяцейшая Панна Марыя», — сцвердзіў пастыр, дадаўшы, што такая вера напоўніць жыццё радасцю, нягледзячы на неспрыяльныя абставіны.

Біскуп Алег параўнаў гэта са святлом свечак, што рассейвалі навакольную цемру, якія вернікі падчас начной Імшы трымалі ў руках.

Пасля Імшы многія вернікі засталіся на малітве перад цудадзейным абразом Маці Божай Гудагайскай на ўсю ноч, каб у шчырай размове з Божай Маці ўмацаваць сваю веру і знайсці адказы на складаныя пытанні жыцця.

 

Абноўлена 20.07.2020 15:02
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця