Пошук

20.07.2020 10:08   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Віталій Палінеўскі / Catholic.by

У межах урачыстасцяў у гонар Маці Божай Шкаплернай, якія 18–19 ліпеня праходзілі ў санктуарыі айцоў кармэлітаў босых у Гудагаі, іх удзельнікі асаблівым чынам дзякавалі Богу за тры дзесяцігоддзі з часу ўзнаўлення служэння манахаў гэтага ордэна ў Беларусі.

Сёлетні фэст у самым «лясным» марыйным санктуарыі ў нашай краіне прайшлі пад дэвізам «Увесь Твой». Гэтыя словы — дэвіз біскупскага і папскага служэння вялікага шанавальніка Маці Божай святога Яна Паўла ІІ — былі выразам поўнай адданасці Марыі Вялікага Папы, стагоддзе з дня нараджэння якога адзначаецца сёлета.

Урачыстасць у Гудагаі сабрала пілігрымаў з розных мясцін Беларусі і з-за мяжы. Сёлета з-за складанай эпідэміялагічнай сітуацыі іх было менш, чым звычайна, але дзякуючы прамой трансляцыі на партале Catholic.by вялікая колькасць вернікаў духоўна далучыліся да свята ў гонар Маці Божай Шкаплернай — асаблівай Апякункі ордэна кармэлітаў босых.

Трыццаць гадоў таму прадстаўнікі гэтай старадаўняй манаскай супольнасці пасля перыяду ганенняў на веру прыбылі ў нашую краіну, каб служыць тутэйшым вернікам, доўгія дзесяцігоддзі бязбожнага савецкага панавання пазбаўленым пастырскай апекі.

Некаторыя з айцоў кармэлітаў былі тады зусім маладымі святарамі, якія толькі прынялі сакрамэнт прэзбітэрскага пасвячэння. Таму сёлета 30-годдзе святарства адзначаюць два прадстаўнікі кармэліцкай супольнасці ў Беларусі: айцец Бэрнард Радзік OCD з Нарачы і айцец Павел Ляліта OCD з Мядзела. За іх асаблівым чынам маліліся падчас святой Імшы, якой распачаўся Гудагайскі фэст.

Цэлебрацыю ўзначаліў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі. Разам з ім канцэлебравалі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч і Генеральны вікарый Пінскай дыяцэзіі біскуп Казімір Велікаселец, які сёлета адзначыў 75-гадовы юбілей з дня нараджэння, а таксама айцы кармэліты і іншыя святары з розных дыяцэзій.

На пачатку святой Імшы ўсіх удзельнікаў урачыстасці прывітаў кусташ санктуарыя Маці Божай Шкаплернай у Гудагаі айцец Казімір Мараўскі OCD. Айцец Казімір пажадаў усім шанавальнікам Маці Божай, каб словы святога Яна Паўла ІІ «Увесь Твой» натхнілі іх на больш глыбокую духоўную сувязь з Марыяй, якая кожнага, хто Ёй сябе даручае ў апеку, вядзе да свайго Сына Езуса Хрыста. Кусташ запрасіў атуліць малітваю сёлетніх юбіляраў, асабліва айца Паўла, які ў шпіталі рыхтуецца да аперацыі.

Узнаўленне служэння ордэна кармэлітаў босых у Беларусі з самага пачатку стала прыносіць шчодры духоўны плён.

На голас паклікання да асаблівага служэння Хрысту ў духу чыстасці, убоства і паслухмянасці ў супольнасці сясцёр кармэлітак Дзіцяткі Езуса 25 гадоў таму адгукнулася сястра Тэрэзіна. З нагоды срэбранага юбілею яе манаскіх абяцанняў біскуп Юрый Касабуцкі паводле старадаўняй традыцыі ўсклаў на галаву сястры юбіляркі вянок радасці — сімвал радаснага служэння Нябеснаму Абранніку Хрысту.

Тэма радасці служэння Богу стала галоўнай у прамоўленай іерархам гаміліі. Біскуп Юрый узгадаў сваю сустрэчу з Янам Паўлам ІІ, які, нягледзячы на вялікія цярпенні, што яму даводзілася зносіць, прамяніўся радасцю.

«Гэтая ягоная радасць паходзіла ад поўнай адданасці Марыі — „Увесь Твой“. Маці Божая давала яму сілы з радасцю несці цяжар Пятровага служэння і вялікіх фізічных пакут», — заўважыў іерарх.

Ён дадаў, што таксама айцы кармэліты, якія тры дзесяцігоддзі таму вярнуліся ў Беларусь, каб абвяшчаць Божае слова, нясуць сваё адданае служэнне з вялікай радасцю.

«Я вельмі даўно ведаю айца Бэрнарда і ніколі не бачыў гэтага святара без усмешкі. Ён таксама іншым перадае гэтую духоўную радасць і аптымізм», — адзначыў біскуп.

На заканчэнне цэлебрацыі прысутныя вернікі выказалі словы шчырай падзякі айцам кармэлітам за іх самаахвярнае служэнне, а таксама падаравалі сястры Тэрэзіне букет прыгожых ружаў.

 

Абноўлена 20.07.2020 11:57
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця