2 ліпеня, ва ўрачыстасць Маці Божай Будслаўскай, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у Нацыянальным санктуарыі ў Будславе ўзначаліў цэлебрацыю святой Імшы апоўдні.
Да цэлебрацыі Эўхарыстыі далучыліся біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, Генеральны вікарый Пінскай дыяцэзіі біскуп Казімір Велікаселец, апостальскі візітатар для беларускіх грэка-католікаў архімандрыт Сяргей Гаек, а таксама каля трох дзясяткаў святароў з усіх дыяцэзій Беларусі.
У святой Імшы бралі ўдзел некалькі тысяч вернікаў, у тым ліку больш за тысячу духоўна далучыліся дзякуючы прамой трансляцыі, якая вялася на канале Нацыянальнага санктуарыя ў Будславе, на партале Catholic.by і на «Радыё Марыя».
1–2 ліпеня ў Будславе адбываюцца штогадовыя адпустовыя ўрачыстасці, якія ў год святога Яна Паўла ІІ праходзяць пад дэвізам яго біскупскага і папскага служэння: «Марыя, я ўвесь Твой».
Менавіта на гэта звярнуў увагу Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі у прамоўленай падчас Імшы гаміліі.
«Мы дзякуем Богу за гэтага Папу і дзякуем яму самому. Мы таксама вучымся ў яго, як захаваць нашу хрысціянскую тоеснасць у абставінах адыходу ад Бога. У цэнтры нашага жыцця павінен быць Хрыстус — Збаўца чалавека», — нагадаў арцыбіскуп Кандрусевіч галоўнае пасланне першай энцыклікі і ўсяго пантыфікату Вялікага Папы.
Ён дадаў, што ў служэнні і асобе святога Яна Паўла ІІ можна было бачыць жывое Евангелле, якое дае святло і надзею.
«Дзякуючы гэтаму ён рэалізаваў праграму свайго пантыфікату і адкрыў для Хрыста межы розных грамадстваў, асабліва доўгія часы закрытыя, як, напрыклад, у Беларусі. Адкрыў межы розных культур, палітычных і эканамічных сістэм. <…>
Святкуючы чарговы Будслаўскі фэст, мы дзякуем Богу за гэтую ласку. Дзякуем Марыі за Яе апеку ў гэты складаны час новых выпрабаванняў, якія перажывае наша краіна, у тым ліку і выкліканых пандэміяй каранавірусу», — сказаў арцыбіскуп Кандрусевіч.
Ён заўважыў, што разам з няшчасцямі, якія прынесла гэтая страшная эпідэмія, яна адначасова стала заклікам да будавання новага свету на нязменных духоўных прынцыпах Евангелля. Менавіта гэта, на думку арцыпастыра, вельмі важна сёння для беларускага грамадства.
«Святы Ян Павел ІІ даверыў сваё служэнне наступніка апостала Пятра Марыі і заклікаў не баяцца адкрыць дзверы Хрысту. Гэты заклік святога Папы асабліва актуальны ў наш час у нашай Бацькаўшчыне.
Езус суцішыў буру на моры і сказаў апосталам не баяцца. Таксама і мы не павінны баяцца і насцеж адчыніць дзверы нашых сэрцаў Езусу, каб Ён быў у нас і ў нашым народзе, які выбірае сваю будучыню.
Карабель, імя якому Беларусь, сёння знаходзіцца на ўзбураным сацыяльна-палітычнымі хвалямі моры. Выбары прэзідэнта, якія перад намі, павінны быць сумленнымі, свабоднымі і справядлівымі. Яны павінны адбывацца ў духу ўзаемапавагі паміж рознымі палітычнымі сіламі.
Закладзены Створцам у чалавечай прыродзе прынцып свабоднай волі прадугледжвае магчымасць свабоднага выбару, што будзе спрыяць такой патрэбнай у наш час кансалідацыі грамадства. Паводле вучэння святога Яна Паўла ІІ, у разнастайнасці павінна праяўляцца адзінства ў імя дасягнення супольнага дабра для нашай Бацькаўшчыны.
Таму не будзем баяцца цяжкасцяў, бо Езус з намі. Калі даверымся Яму, а розныя палітычныя і грамадскія сілы будуць дзейнічаць згодна з духам Евангелля і клапаціцца пра супольнае дабро нашай Бацькаўшчыны, то Езус дапаможа нам, такім розным, быць адным народам, з’яднаным узаемнай любоўю і павагаю адзін да аднаго як паміж братамі і сёстрамі, а буру пераменіць у штыль», — падкрэсліў кіраўнік беларускага каталіцкага епіскапату.
На заканчэнне гаміліі арцыпастыр скіраваў малітоўны зварот да Маці Божай: «Марыя, сёння з надзеяй мы прыходзім да Цябе. Пакажы яшчэ раз, што Ты наша Маці, не пакідай нас адных у гэты час гістарычных выпрабаванняў і вядзі да Езуса, які адзіны можа паказаць нам шлях у шчаслівую і мірную будучыню. <…>
Бог кліча нас да гэтай місіі, і мы павінны яе выканаць. Бо, калі не мы, то хто? Калі не сёння, то калі?..» — завяршыў рытарычным пытаннем сваё адпустовае казанне арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
На заканчэнне ўрачыстай святой Імшы перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнтам была прачытана Ларэтанская літанія да Найсвяцейшай Панны Марыі.
Упершыню гэтая малітва прагучала з новымі, нядаўна дададзенымі Папам Францішкам заклікамі да Багародзіцы, перакладзенымі на беларускую мову.
Пасля адбылася Эўхарыстычная працэсія з копіяй абраза Маці Божай Будслаўскай, фігурай нябеснага апекуна Касцёла на Беларусі святога Міхала Арханёла і абразом святой Барбары, якім біскупы на заканчэнне благаславілі з Нацыянальнага санктуарыя ўсю Беларусь.