30 чэрвеня пры касцёле Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гродне адбылося пахаванне ксяндза прэлата Юзафа Трубовіча, найстарэйшага каталіцкага святара ў Беларусі. Ён адышоў у вечнасць 26 чэрвеня на 95-м годзе жыцця, прысвяціўшы святарскаму служэнню амаль 64 гады.
Як паведамляе партал Grodnensis.by, пахавальная Імша сабрала шмат мясцовых парафіянаў, а таксама іншых жыхароў горада над Нёманам. Яны прыйшлі выказаць Богу ўдзячнасць за ўсё дабро, якое атрымалі ад ксяндза Юзафа Трубовіча.
Прыбылі таксама святары з усёй Беларусі, якія былі звязаны з ксяндзом прэлатам, яго выхаванцы і тыя, хто вучыўся ў духоўнай семінарыі ў Рызе, дзе ён пэўны час быў прэфектам.
Цэлебрацыю ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, старшыня каталіцкага епіскапату Беларусі.
Прысутнічалі гродзенскія іерархі ардынарый біскуп Аляксандр Кашкевіч і дапаможны біскуп Юзаф Станеўскі, а таксама біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Менавіта на тэрыторыі сённяшняй Віцебскай дыяцэзіі ў вёсцы Невярышкі, якая належала да парафіі ў Плюсах, нарадзіўся ў 1926 г. Юзаф Трубовіч. На развітанне прыбылі і дапаможныя біскупы Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі і Аляксандр Яшэўскі SDB.
Святая Імша адбылася на прыступках святыні, бо касцёл, пры якім ксёндз прэлат Трубовіч служыў у якасці рэзідэнта амаль 21 год, не быў у стане змясціць усіх удзельнікаў літургіі.
У гаміліі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч нагадаў жыццёвы шлях спачылага. Як адзначыў іерарх, гэта быў доўгі шлях, на якім святар стаў духоўным правадыром для мноства людзей.
Як падкрэсліў кіраўнік епіскапату, рысамі ксяндза Юзафа былі прастата і дабрыня, што прыцягвалі да яго многіх людзей.
Ён, як дадаў арцыбіскуп, стаў духоўным айцом многіх будучых святароў, якія дзякуючы яго прыкладу руплівага служэння адкрылі сваё пакліканне і сёння працуюць не толькі ў Беларусі, але і ў Латвіі, дзе ён служыў больш за 20 гадоў.
На заканчэнне Імшы да прысутных звярнуўся біскуп Аляксандр Кашкевіч. Іерарх выказаў удзячнасць спачыламу за яго добрае і чулае сэрца, якое параўнаў з сэрцам Езуса.
Ад імя ўсіх выхаванцаў ксяндза Трубовіча найстарэйшы з іх, ксёндз прэлат Вітольд Лазавіцкі, падзякаваў усім сабраным за ўдзел у літургіі.
Цела спачылага было пахавана пры касцёле, у месцы, якое ён абраў сам, напісаўшы пра гэта ў сваім тэстамэнце. Яго выразнай воляй было застацца сярод вернікаў гэтай парафіяльнай супольнасці, якіх ён любіў усім сэрцам і якіх кожны дзень ахінаў малітвай.
Цяпер кожны вернік, уваходзячы ў святыню і мінаючы крыж і фігуру Маці Божай, напэўна, спыніцца ля яго магілы, каб споўніць яго апошнюю просьбу і ўзнесці малітву ў яго інтэнцыі.
Ксёндз прэлат Юзаф Трубовіч нарадзіўся на Віцебшчыне ў вёсцы Невярышкі 6 студзеня 1926 г. у сям’і Баляслава і Генавэфы Трубовічаў.
Яго бацька быў шаўцом, маці — хатняй гаспадыняй.
Пакліканне да святарства ён адкрыў вельмі рана, яшчэ ў дзяцінстве. Скончыў Вышэйшую духоўную семінарыю ў Рызе (Латвія), там жа атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне з рук біскупа Казіміра Дульбінскага 30 верасня 1956 г.
Пасля пасвячэння 20 гадоў служыў у Латвіі. У Беларусь прыехаў у 1977 г. Па просьбе вернікаў Гродна распачаў служэнне ў гродзенскай парафіі Маці Божай Анёльскай (францішканскі касцёл).
У 1988–1992 гг. быў прэфектам Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Рызе, наступныя сем гадоў — пробашчам катэдральнай парафіі святога Францішка Ксавэрыя ў Гродне.
Пасля чатырох гадоў працы ў семінарыі вярнуўся ў Гродна, дзе стаў пробашчам катэдральнай парафіі.
У 1999 г. быў скіраваны ў парафію ў Каменцы, дзе непрацяглы час спаўняў абавязкі пробашча.
23 снежня 1999 г. прыбыў у гродзенскую парафію Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, дзе быў рэзідэнтам да самай смерці.