Пошук

29.06.2020 09:57   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Віталій Палінеўскі / Catholic.by

У нядзелю 28 чэрвеня вернікі парафіі святога Юды Тадэвуша, што на Смаргоншчыне, разам са сваім пастырам біскупам Гродзенскім Аляксандрам Кашкевічам адзначылі 200-гадовы юбілей кансэкрацыі парафіяльнага касцёла святога Юды Тадэвуша.

Два стагоддзі існавання ў Вішневе мураванай святыні святкавалі як вялікі фэст: быў і традыцыйны кірмаш, і спевы са скокамі. Нягледзячы на складаную эпідэміялагічную сітуацыю, з усяго наваколля, пераважна каталіцкага, сабраліся ў гэты дзень да свайго касцёла-імянінніка па-святочнаму апранутыя вернікі.

Ужо дзве сотні гадоў святыня на высокім пагорку як маяк паказвае людзям шлях да Хрыста. За гэты час не адно пакаленне мясцовых жыхароў прыняло тут сакрамэнт хросту, ядналася з Богам у споведзі і Камуніі, бралася шлюбам і адыходзіла ў апошні зямны шлях, які завяршаўся на могілках каля касцёла.

Ці трэба казаць, што святыня — гэта і прыгожы твар мястэчка, і сэрца яго простага жыцця, і яго ўзнёслая душа?..

Вядома, што ўжо ў XVIII ст. у Вішневе дзейнічаў драўляны касцёл Свірскага дэканата і місія езуітаў пры ім. Айцы Таварыства Езуса заснавалі ў Вішневе і так званую «факультэцкую школу».

Мураваная святыня ў стылі класіцызму на маляўнічым пагорку пачала будавацца ў 1811 годзе, пра што сведчыць дата на закладным камені падмурку, які відаць злева ад уваходу ў сакрыстыю. У гэты ж час быў створаны і абраз святога Юзафа з Дзіцяткам Езусам пэндзля мастака Яна Дамеля. Велічная ікона, нядаўна адрэстаўраваная, і сёння знаходзіцца над галоўным алтаром вішнеўскага касцёла. 12 верасня 1820 года святыню пад тытулам святога апостала Юды Тадэвуша кансэкраваў біскуп Тадэвуш Кундзіч, суфраган Троцкі.

Урачыстую цэлебрацыю з нагоды 200-годдзя асвячэння вішнеўскага касцёла ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Яна адбылася ў асабліва папулярны ў мясцовых вернікаў фэст у гонар вельмі шанаванага тут святога Яна Хрысціцеля.

Перад Імшой пробашч парафіі святога Юды Тадэвуша ў Вішневе кс. Антоній Казлоўскі прадставіў сабраным новае выданне мастацка-дакументальнай аповесці Анатоля Шчучкі «Святыняў маўклівыя цені», прысвечанай гісторыі гэтых мясцін, адкуль паходзіць і род аўтара. На вокладцы кнігі — абрыс вішнеўскага касцёла пад Укрыжаваным Хрыстом, з ранаў якога сцякае святая Кроў, а таксама алтарны абраз святога Юзафа. Людзі ахвотна набывалі кніжачкі сабе і ў падарунак блізкім, многія з якіх, як і аўтар, жывуць далёка ад родных мясцін, ад прыгожага касцёла на вішнеўскім узгорку.

Але нават будучы далёка, большасць з іх захавала духоўную сувязь з гэтым святым месцам. І нават калі многія не змаглі асабіста прыехаць на свята, яны ядналіся са сваімі землякамі з дапамогаю прамой трансляцыі, арганізаванай з Вішнева парталам Catholic.by.

Святочным падарункам вішнеўскім вернікам ад парталу Касцёла ў Беларусі стала выстава фотаздымкаў абраза Маці Божай Будслаўскай у высокай якасці, якую прадставіў іх аўтар — дырэктар Catholic.by кс. Аляксандр Улас.

  

Шчыра і проста, але і вельмі годна прывіталі вернікі на пачатку Імшы свайго пастыра, якога заўсёды радыя бачыць у сваім касцёле. Падараваныя іерарху кветкі сталі прыгожым дапаўненнем каштоўнага духоўнага падарунку — малітвы «Тваёй абароне», якую ўсе прысутныя згодна прамовілі за біскупа Аляксандра Кашкевіча.

Узрушаны і крануты такой непасрэднасцю і цеплынёй чалавечых сэрцаў, пастыр Касцёла на Гродзеншчыне па-айцоўску прывітаў прысутных на ўрачыстасці вернікаў і святароў.

Прамоўленую гамілію іерарх прысвяціў любові і дару.

«Мы верым у Бога, які ёсць любоў, таму кожная праява дабрыні, цеплыні, спачування і ахвярнасці — гэта больш ці менш недасканалы вобраз, адбітак, падабенства бясконцай Божай любові», — зазначыў напачатку біскуп Кашкевіч.

У святле Божага слова пастыр паказаў, наколькі важна ставіць любоў да Бога вышэй за ўсе іншыя, прамінальныя каштоўнасці.

«Пан Езус прыходзіць да нас у Эўхарыстыі, каб нас асвяціць сваёй бясконцай любоўю. Гэта добра разумелі нашыя продкі, таму там, дзе жылі, узводзілі святыні, каб мець Хрыста побач, каб пастаянна адчуваць Яго любоў і вучыцца жыць любоўю, дзяліцца ёю з бліжнімі.

Сёння, дарагія браты і сёстры, мы дзякуем Пану Богу за гэтую цудоўную святыню — гэты касцёл, узведзены стараннямі нашых продкаў, якія жылі тут, што ўжо дзвесце гадоў з’яўляецца сведчаннем іх веры і любові да Хрыста Эўхарыстычнага», — падкрэсліў іерарх.

Біскуп нагадаў гісторыю будаўніцтва касцёла, няпросты лёс вішнеўскай святыні, а таксама ахвярных душпастыраў, якія неслі ў ёй служэнне дзеля духоўнай карысці і збаўлення даручаных іх пастырскай апецы мясцовых жыхароў, асаблівым чынам адзначыўшы вялікую святарскую руплівасць сённяшняга пробашча вішнеўскай парафіі кс. Антонія Казлоўскага.

На памяць іерарху пра гэты дзень быў падараваны гадзіннік з лімітаванага выдання, цыферблат якога паўтарае цыферблат гадзінніка гродзенскай катэдры — аднаго з найстарэйшых дзеючых вежавых гадзіннікаў у Еўропе.

Пасля заканчэння святой Імшы біскуп Аляксандр Кашкевіч благаславіў усталяваны каля касцёла шасцітонны валун з высечаным на ім крыжам і дзвюма датамі: 1820–2020. Гэты памятны юбілейны знак — выраз удзячнасці сённяшніх вернікаў Вішнева фундатарам і продкам, дзякуючы якім 200 гадоў таму ў мястэчку быў пабудаваны касцёл, кансэкраваны ў гонар святога апостала Юды Тадэвуша. 

Абноўлена 29.06.2020 13:42
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.