Пошук

17.06.2020 16:34   Тэкст: Мікола Гракаў / Catholic.by

17 чэрвеня, у 25-ю гадавіну з дня прыняцця прэзбітэрскага пасвячэння, Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі цэлебраваў Імшу падзякі за дар святарства ў катэдральнай базыліцы святога Францішка Ксавэрыя ў Гродне.

Напачатку цэлебрацыі са словам віншавання да юбіляра, сімвалічна апранутага ў прыгожы срэбраны арнат, звярнуўся біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

Пастыр дыяцэзіі, які ў гэтай самай святыні 25 гадоў таму ўдзяліў Юзафу Станеўскаму сакрамэнт пасвячэння ў ступені прэзбітэрату, а 1 лютага 2014 года — у ступені епіскапату, вельмі цёпла адгукнуўся пра свайго найбліжэйшага супрацоўніка і памочніка ў кіраванні Касцёлам на Гродзеншчыне.

Павіншаваць біскупа Юзафа з юбілеем святарства прыбылі яго сабраты: Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі і Біскупскі вікарый для горада Магілёва і Магілёўскай вобласці біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB.

З іерархамі святую Імшу канцэлебравала вялікая колькасць святароў. У галоўнай святыні Гродзенскай дыяцэзіі разам маліліся дзясяткі вернікаў, і яшчэ каля сотні далучылася да супольнай малітвы дзякуючы анлайн-трансляцыі.

У прамоўленай гаміліі біскуп Юзаф Станеўскі разважаў пра сутнасць святарства, якую не перастае кожны дзень нанава для сябе адкрываць і праз 25 гадоў пасля пасвячэння.

Непрыканцы ўрачыстасці з віншавальным словам да юбіляра і прысутных звярнуўся біскуп Юрый Касабуцкі, які ў той час, калі яго сабрат стаў святаром, таксама праходзіў святарскую фармацыю ў гродзенскай Alma Mater. Павіншаваўшы біскупа Юзафа ад свайго імя, іерарх затым зачытаў віншаванне ад Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча.

У ім арцыпастыр, які трыццаць гадоў таму сярод першых кандытатаў прымаў Юзафа Станеўскага ў толькі што заснаваную ім у Гродне духоўную семінарыю, адзначае, што ахвярнае святарскае служэнне юбіляра было напоўнена пастырскім клопатам пра збаўленне людзей.

«Пастырскія, дыдактычныя і кіраўнічыя здольнасці, якімі Вы адзначаліся, разам з імкненнем да святасці жыцця былі высока ацэнены Святым Айцом Францішкам, які ў 2013 годзе прызначыў Вас біскупам. Актыўная дзейнасць у якасці наступніка апосталаў як у Гродзенскай дыяцэзіі, так і ў беларускім Касцёле, прывяла да выбару Вас Генеральным Сакратаром Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі», — падкрэсліў кіраўнік беларускага каталіцкага епіскапату. Па словах арцыбіскупа, ён ганарыцца тым, што выпускнік першага набору гродзенскай семінарыі з’яўляецца не толькі вядомым святаром, але і папулярным сярод вернікаў, у тым ліку і моладзі, біскупам.

«Сваім святарскім і біскупскім служэннем Вы пацвярджаеце праўду, што святар з людзей выбраны і для людзей прызначаны ў Божых справах (пар. Гбр 5, 1). Адкрытасць, здольнасць аналізаваць канкрэтныя выклікі часу і на іх адказваць разам з глыбокім і адначасова даступным людзям абвяшчэннем Божага слова заслужана здабылі Вам добрую славу», — заўважыў арцыбіскуп Кандрусевіч.

Сваё віншаванне Старшыня ККББ завяршыў пажаданнем:

«Няхай Добры Бог праз заступніцтва Марыі, Маці святароў, надалей адорвае Вас патрэбнымі для далейшага паспяховага служэння дарамі і ласкамі, каб, згодна з дэвізам Вашага біскупскага служэння Evangelii gaudium (Радасць Евангелля), Вы з радасцю абвяшчалі вечна жывое і дзейснае Божае слова (пар. Гбр 4, 12), з якога нараджаецца патрэбная для збаўлення вера (пар. Мк 16, 15)».

Шмат шчырых віншаванняў і цёплых пажаданняў было скіравана ў гэты дзень біскупу Юзафу Станеўскаму. Ад імя кансэкраваных асобаў юбіляра павіншаваў кс. Віктар Гайдукевіч SDB, кіраўнік Каардынацыйнай групы вышэйшых настаяцеляў, дэлегатаў і прадстаўнікоў мужчынскіх і жаночых манаскіх інстытутаў і таварыстваў апостальскага жыцця ў Беларусі.

Абноўлена 18.06.2020 13:25
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.