Пошук

16.06.2020 13:14   Тэкст: кс. Юрый Марціновіч / Grodnensis.by / Фота: Верaнiка Рэўдзюк / Grodnensis.by

13 чэрвеня ў касцёле Маці Божай Анёльскай (францішканскі) у Гродне адбылася адпустовая ўрачыстасць у гонар святога Антонія Падуанскага, падчас якой біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч асвяціў новую капліцу ў званіцы святыні.

Як паведамляе партал Grodnensis.by, цэлебрацыю святой Імшы ўвечары ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. На Эўхарыстыі сабраліся мясцовыя парафіяне, а таксама жыхары Гродна, якія ўшаноўваюць св. Антонія, даручаючы яго заступніцтву свае інтэнцыі і просьбы.

Падчас Імшы іерарх адзначыў, што святы Антоній вядомы ва ўсім свеце і шмат вернікаў звяртаецца да яго ў патрэбах цела і душы.

«Калі шукаеш цудаў, ідзі да Антонія, усялякіх ласкаў доказы атрымаеш ад яго», — прыгадаў біскуп словы вядомай песні ў гонар святога. Антоній Падуанскі лічыцца магутным святым, які заўсёды побач з чалавекам.

На заканчэнне Імшы згодна са старадаўнім францішканскім звычаем іерарх удзяліў благаслаўленне дзецям, а таксама благаславіў хлеб св. Антонія, які затым вернікі ўзялі дадому.

Кульмінацыяй сёлетняй урачыстасці стала асвячэнне біскупам Кашкевічам новай капліцы з парэшткамі Слугі Божага Мельхіёра Фардона, францішканінa, якога яшчэ пры жыцці гродзенцы называлі святым.

Капліца змешчана ў званіцы касцёла. У яе цэнтры знаходзіцца фігура ўваскрослага Хрыста з францішканскімі святымі паабапал. Менавіта сюды былі нядаўна перанесены парэшткі Слугі Божага.

Мельхіёр Фардон нарадзіўся 5 жніўня 1862 года ў Гродне, памёр там жа 27 лютага 1927 года.

Быў гвардыянам кляштараў канвентуальных францішканаў у Гродне і Вільні, спаведнікам і паплечнікам св. Максімільяна Кольбэ.

Напрыканцы 2018 года Папа Францішак выдаў дэкрэт аб распачацці беатыфікацыйнага працэсу Мельхіёра Фардона. У дакуменце Святы Айцец прызнаў гераічнасць цнотаў манаха: пацвердзіў яго заслугі перад Богам і людзьмі, нагадаў пра яго няпросты жыццёвы шлях і асаблівую місію ў Касцёле. Завяршэннем працэсу беатыфікацыі з’яўляецца далучэнне слугі Божага да ліку благаслаўлёных.

Пробашч парафіі а. Антоній Пажэцкі OFMConv падзякаваў усім, хто прычыніўся да стварэння гэтай капліцы духоўным і матэрыяльным чынам, а вернікі павіншавалі свайго душпастыра з імянінамі.

Абноўлена 16.06.2020 13:16
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа