12 чэрвеня ў новай парафіі благаслаўлёнай Мар’яны Бярнацкай у Гродне ўпершыню адбылася адпустовая ўрачыстасць. У гэты дзень прыпадае літургічны ўспамін апякункі парафіяльнай супольнасці.
Як паведамляе партал Grodnensis.by, урачыстая святая Імша з гэтай нагоды адбылася на месцы спачыну расстраляных падчас Другой сусветнай вайны жыхароў Гродна і Ліпска ў Навумавічах каля Гродна.
Як падкрэсліваюць гісторыкі, у гэтым месцы ў велізарных магілах можа спачываць больш за тры тысячы чалавек — інтэлігенцыя, дзяржаўныя і грамадскія дзеячы, духавенства.
Сярод гэтых ахвяр была таксама Мар’яна Бярнацкая.
13 чэрвеня 1999 г. яна была беатыфікавана Янам Паўлам ІІ у Варшаве сярод 108 мучанікаў Другой сусветнай вайны.
На Эўхарыстыі ў лесе, які стаў нямым сведкам тых трагічных падзей, сабраліся вернікі новай парафіі. Яны дзякавалі ўсім сведкам веры за іх вялікую адвагу, за тое, што здолелі дасканала выкарыстаць сваё «тут» і «цяпер».
Усведамляючы, што гэтая благаслаўлёная зямля, акропленая мучаніцкай крывёю, заклікае іх да святасці і яснага сведчання веры, яны дзякавалі Мар’яне Бярнацкай за яе простае і сціплае жыццё, якое прайшло ў ценю Хрыстовага крыжа.
Урачыстасць пачалася спевам Літаніі да Найсвяцейшага Сэрца Езуса. Затым адбылася Імша ў інтэнцыі ўсёй парафіяльнай супольнасці, яе развіцця і пазітыўнага вырашэння ўсіх спраў, звязаных з будаўніцтвам новай святыні ў мікрараёне Баранавічы ў Гродне.
Парафіяне маліліся таксама аб святасці для сваіх сем’яў, аб веры для дзяцей і моладзі, аб міры і згодзе ў кожным доме, сям’і і супольнасці.
Цэлебрацыю ўзначаліў пробашч парафіі кс. Юрый Марціновіч. Прысутнічаў таксама кс. Антоні Абухоўскі, дэкан Сапоцкінскага дэканату, да якога належыць новая парафія.
У гаміліі кс. Антоні Абухоўскі разважаў пра Божую любоў да кожнага чалавека. Святар падкрэсліў, што Пан Езус любіць кожнага, з любові да яго аддаў сваё жыццё, таму кожны чалавек павінен бачыць у іншым свайго брата і сястру і старацца праяўляць да іх дабрыню і сардэчнасць.
На заканчэнне Імшы пробашч адзначыў, што гэтая першая ўрачыстасць упісваецца ў гісторыю толькі што створанай парафіі, якая дэкрэтам біскупа Аляксандра Кашкевіча была паклікана да існавання ў мінулым годзе, а ва ўрачыстасць Усіх Святых атрымала дзяржаўную рэгістрацыю.
Ксёндз Юрый Марціновіч заахвоціў парафіян углядацца ў гераічны прыклад, які пакінула благаслаўлёная Мар’яна. «Калі глядзім на яе выяву, то бачым, што гэта простая жанчына. Напэўна, яна нічым не адрознівалася ад іншых жанчын Ліпска. Аднак бачым, што, калі трэба было даць відавочнае сведчанне веры, яна не задумалася ні на хвіліну, а зрабіла так, як дыктавала яе сэрца», — сказаў святар.
Пробашч падкрэсліў, што яе гераічны ўчынак, які заключаўся ў тым, што яна пайшла на смерць замест сваёй нявесткі, якая чакала нараджэння дзіцяці, заахвочвае сучасных людзей да канкрэтнага дзеяння.
«Благаслаўлёная Мар’яна служыла сваёй сям’і да самага канца, аддаўшы сваё жыццё. А мы вельмі часта не можам служыць адно аднаму, не можам паважаць, любіць і нават слухаць адно аднаго», — дадаў ён.
Таму святар пажадаў, каб благаслаўлёная была ўзорам для кожнай сям’і новай парафіі, каб, углядаючыся ў прыклад яе жыцця, можна было будаваць супольнасці, заснаваныя на даверы, любові і ўзаемнай павазе.
Пасля Імшы вернікі працяглы час маліліся перад памятным крыжам, даручаючы Богу праз заступніцтва іх апякункі свае інтэнцыі і просьбы. Гэтай засяроджанасці і разважанню над уласным жыццём і тым, што кожны можа сёння зрабіць для іншага чалавека і свету, спрыялі добрае летняе надвор’е і спеў птушак.