Пошук

12.06.2020 10:22   Тэкст і фота: Ганна Бычынская / Catholic.by

Несці дабро хворым, інвалідам, дзецям-сіротам, людзям, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, — мэта Дабрачыннага каталіцкага таварыства Caritas. У маі і чэрвені часцінку братняй любові і клопату атрымалі і некаторыя жыхары Стаўбцоўшчыны.

Машыны з дапамогай ад Caritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі пабывалі ў Стоўбцах за гэты час тры разы.

Парафія святога Казіміра прыняла ўдзел у прапанаваным дабрачынным таварыствам праекце, мэтай якога стала падтрымка людзей з невялікім дастаткам, якія працуюць у сельскай гаспадарцы.

У выніку ў маі некалькі сем’яў з гэтай парафіі бясплатна атрымалі ў свае хатнія гаспадаркі бройлерных куранят і паўтарамесячных трусоў, якіх да гэтага часу ўжо змаглі падгадаваць.

Па просьбе пробашча парафіі ксяндза Ігара Лашука 10 чэрвеня дабрачыннае таварыства даставіла ў Стоўбцы сродкі аховы і дэзінфекцыі для цэнтральнай раённай бальніцы і тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, а таксама прадуктовыя наборы і пакеты з бытавой хіміяй для людзей, якія апынуліся ў складанай жыццёвай сітуацыі, незалежна ад іх рэлігійнай, палітычнай і нацыянальнай прыналежнасці.

У раённую бальніцу і тэрытарыяльны цэнтр дапамога паступіла ў той жа дзень, а прадуктовыя наборы і пакеты з бытавой хіміяй атрымаюць некалькі шматдзетных сем’яў, бацькі дзяцей, якія наведваюць цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, і інваліды першай і другой груп.

Падчас пандэміі важкія скрынкі з прадуктамі і пакеты са сродкамі бытавой хіміі — добрая дапамога і прыемная нечаканасць для тых, хто іх атрымаў і атрымае.

Стаўбцоўскія парафіяне выказваюць сардэчную ўдзячнасць таварыству Caritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, асабіста яго дырэктару айцу Андрэю Жылевічу OFMCap, усім яго памочнікам і валанцёрам за цеплыню сэрцаў і дабро, якое яны нясуць людзям, за веру ў лепшае і надзею, якую маюць людзі дзякуючы іх дзейнасці. Таксама яны ўдзячныя ксяндзу Ігару Лашуку за клопат, ініцыятыўнасць і духоўную апеку.

 

Абноўлена 12.06.2020 11:03
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.