1 чэрвеня, у Міжнародны дзень абароны дзяцей, прадстаўнік Касцёла ксёндз канонік Францішак Рудзь узяў удзел у пасяджэнні круглага стала «Гісторыя дзяцінства ў Беларусі і сучасныя праблемы дзяцей».
Мерапрыемства было арганізавана гістарычным факультэтам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Студэнты БДУ неаднойчы наведвалі касцёл Маці Божай Будслаўскай у Мінску, у якім служыць ксёндз Францішак Рудзь, з мэтай вывучэння гісторыі Касцёла на Беларусі, узнікнення і развіцця культу Маці Божай Будслаўскай і фэсту ў Яе гонар, які ўключаны ЮНЕСКА ў спіс нематэрыяльных культурных каштоўнасцяў чалавецтва.
Са свайго боку, пробашч маладой сталічнай парафіі з энтузіязмам прыняў запрашэнне да ўдзелу ў пасяджэнні круглага стала, прысвечанага праблемам дзяцей.
Міжнародны дзень абароны дзяцей упершыню адзначаўся ў 1950 годзе. ААН падтрымала гэтую ініцыятыву і абвясціла абарону правоў, жыцця і здароўя дзяцей адным з прыярытэтных напрамкаў сваёй дзейнасці. Каталіцкі Касцёл, які мае багаты педагагічны вопыт, адкрыты для супрацоўніцтва з тымі, хто імкнецца да сапраўднага дабра дзяцей — фізічнага, псіхічнага і духоўнага.
Міжнародны дзень абароны дзяцей, які пачалі адзначаць 70 гадоў таму, — гэта перадусім напамін для ўсіх дарослых пра неабходнасць забяспечыць дзецям безумоўнае захаванне іх правоў: права на жыццё, на рэлігійнае выхаванне, на адукацыю, адпачынак і вольны час, на абарону ад фізічнага і псіхалагічнага гвалту, ад эксплуатацыі дзіцячай працы як неабходных умоваў для фарміравання гуманнага і справядлівага грамадства.
Круглы стол праходзіў у фармаце відэаканферэнцыі. У працы былі закранутыя наступныя тэмы: «Дзяцінства ў паданнях нашых продкаў: этналагічны погляд на родавыя адносіны ў славянаў», «Эпоха пераменаў у гісторыі дзяцінства ў перыяд новага часу (XVI – пачатак XX стст.)», «Абарона дзяцінства на сучасным этапе», «Дзеці і феномен дзяцінства ў айчыннай гісторыі: найноўшыя даследаванні, дыскусійныя пляцоўкі, падзеі», «Праца куратара ў вышэйшай навучальнай установе: выхаванне будучых педагогаў».
У пасяджэнні ўзялі ўдзел больш за тры дзясяткі спецыялістаў: гісторыкі, настаўнікі дзяржаўных і прыватных школ, загадчыкі кафедраў ДУА Мiнскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі, заснавальнікі дабрачынных праектаў, праваслаўны святар, работнікі Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі, псіхалагічных і сацыяльных службаў. Спецыялісты рознага кірунку прадставілі 12 дакладаў па праблематыцы аховы дзяцінства ў нашай краіне з улікам сусветнага гістарычнага досведу.
У сваім дакладзе ксёндз Францішак Рудзь пазнаёміў удзельнікаў з тым, як Каталіцкі Касцёл дапамагаў і дапамагае дзецям, а таксама з методыкай выкладання ў нядзельных школках.
Асаблівую цікавасць ва ўдзельнікаў круглага стала выклікалі гісторыя з’яўлення і развіцця сацыяльных каталіцкіх цэнтраў у Беларусі ў XVII – пачатку XX стст., а таксама сучаснае становішча і перспектывы развіцця сацыяльнай дапамогі дзецям.
Сёння па дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэта ў Беларусі жывуць 1 млн 741,8 тыс. дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў. Гэта 18,4% агульнай колькасці насельніцтва краіны.
Дзеці — гэта наша будучыня. Ад таго, як будуць забяспечаны іх правы сёння, залежыць заўтрашні дзень нашай краіны, усяго грамадства і Касцёла. Таму падобныя ініцыятывы, як круглы стол з удзелам спецыялістаў і студэнтаў, а таксама прадстаўнікоў традыцыйных канфесій, спрыяюць лепшай абаронне інтарэсаў дзяцей, у тым ліку і духоўных.