Пошук

02.06.2020 10:10   Тэкст: Вольга Лазюк / Фота: Таццяна Ефіменка, Арцём Кір’янаў / Catholic.by

Па просьбе Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі ў нашай краіне адбываўся збор сродкаў сярод людзей добрай волі на падтрымку лекараў і медперсаналу, якія непасрэдна дапамагаюць хворым на COVID-19.

Парафіяльныя супольнасці вельмі актыўна ўключыліся ў гэтую акцыю. За сродкі, якія былі сабраныя на гэтыя мэты, Дабрачыннае каталіцкае таварыства Caritas Пінскай дыяцэзіі набыло 1000 набораў ахоўных камбінезонаў і ахоўных масак.

Паколькі тэрытарыяльна да Пінскай дыяцэзіі адносяцца дзве вобласці, гэтыя наборы былі падзелены пароўну: па 500 набораў для Брэсцкай і Гомельскай абласцей.

Акрамя гэтых 500 набораў для Брэсцкай вобласці, Caritas набыў яшчэ некалькі тысяч бахілаў, медыцынскіх шапачак і пальчатак. Пасля атрымання адпаведнай інфармацыі і дакументаў ад медыцынскіх устаноў супрацоўнікі дабрачыннага таварыства наведалі шэраг бальніц Брэсцкай вобласці, каб перадаць вельмі патрэбныя ахоўныя камбінезоны, рэспіратары, аднаразовыя маскі, маскі для шматразовага выкарыстання, якія шыюць валанцёры Caritas Пінскай дыяцэзіі, медыцынскія шапачкі, ахоўныя шчыткі, аднаразовыя пальчаткі, антысептыкі, пульсаксіметры і іншае.

Caritas аказаў дапамогу Кобрынскай цэнтральнай раённай бальніцы, Пружанскай цэнтральнай раённай бальніцы, Ружанскай гарадской бальніцы, Лунінецкай цэнтральнай раённай бальніцы; Целяханскай гарадской бальніцы, Лагішынскай гарадской бальніцы, бальніцы ў Давыд-Гарадку і Гарадзішчы.

Шматлікія парафіяльныя супольнасці Пінскай дыяцэзіі асабіста перадалі дапамогу іншым медыцынскім установам.

У бліжэйшы час таксама будзе аказана дапамога медыцынскім установам Гомельскай вобласці.

Супрацоўнікі Caritas Пінскай дыяцэзіі, нягледзячы на небяспеку заражэння, на праблемы і перашкоды, у гэтыя дні працуюць не пакладаючы рук, знаходзяцца ў самых важных для гэтага часу месцах і дапамагаюць медыцынскім установам і іншым патрабуючым. Адказваючы на просьбы патрабуючых, а таксама лекараў і медсясцёр, дабрачыннае таварыства паказвае, наколькі блізка да кожнага чалавека знаходзіцца Касцёл у такі складаны эпідэміялагічны перыяд.

Важная і ў той жа час складаная акцыя дапамогі медыцынскім установам распачалася святой Імшой у касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Пружанах.

На распачацце акцыі дырэктар Caritas Пінскай дыяцэзіі кс. Януш Чарнамораў падкрэсліў: «У наш час вельмі важная служба лекараў, медсясцёр і медперсаналу, якія працуюць у бальніцах і паліклініках. Немагчыма ацаніць іх самаадданую працу, іх спагадлівасць, высокі ўзровень ведаў і вопыту, гатоўнасць дапамагчы кожнаму ў хваробе.

Гэта героі нашых дзён! Пагадзіцеся, кожны гэта ўжо зразумеў і дзякуе Богу за іх служэнне. Няхай благаславіць іх Бог і дзеяннем Святога Духа асветліць іх мудрасцю ў лячэнні кожнага чалавека!»

Святар выказаў таксама падзяку ўсім, хто ахвяраваў свае сродкі на падтрымку медыцынскіх устаноў і медыкаў.

 

Абноўлена 02.06.2020 11:56
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.