Пошук

28.05.2020 13:12   Паводле: Раман Ярмош / Grodnensis.by / Фота: Grodnensis.by

27 мая вернікі парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі павіншавалі свайго пробашча кс. Яна Гавецкага з 30-годдзем святарства.

Пра гэта паведамляе Grodnensis.by.

Ксёндз Ян Гавецкі атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне з рук арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча 27 мая 1990 г. у гродзенскім касцёле св. Францішка Ксавэрыя. У той дзень урачыстасць прэзбітэрскага пасвячэння прайшла ў Беларусі ўпершыню.

Віншаванні ў адрас юбіляра прагучалі з розных бакоў: іх выказалі дзеці, моладзь, міністранты, прадстаўнікі розных малітоўных груп, якія дзейнічаюць пры парафіі, родныя святара.

Ксёндз Ян Гавецкі вядомы як ініцыятар розных душпастырскіх акцый.

Ён з’яўляецца галоўным натхняльнікам дэканальных фестываляў калядак і пастаралак, якія праходзяць штогод у мясцовым Доме культуры. Вядомы ён і як добры арганізатар, кіраўнік іўеўскага аддзялення дабрачыннага каталіцкага таварыства Caritas.

За амаль 24 гады служэння на Іўеўшчыне складана пералічыць усе акцыі, мерапрыемствы і праекты, якія ўдалося рэалізаваць дзякуючы маладому запалу і актыўнасці гэтага святара.

Ксёндз Ян Гавецкі нарадзіўся ў 1962 г. у Гродне. Атрымаўшы прэзбітэрскае пасвячэнне, стаў святаром Вілкавішскай дыяцэзіі ў Літве ў 1990 г. Aдзін год быў вікарыем у парафіі св. Яна Хрысціцеля ў Шакяі (Літва).

Потым са згоды Вілкавішскага біскупа вярнуўся на радзіму і ў 1991–1996 гг. быў пробашчам парафіі ў Трабах, а з 1996 г. з’яўляецца пробашчам парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі.

Абноўлена 28.05.2020 13:30
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа